Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў: «Палітычна сёньня ўсе прайгралі. Баль правіць рэжым»


Субота — апошні дзень агітацыі кандыдатаў у дэпутаты ў парлямэнт. Актывісты кампаніі «Гавары праўду» сабралі сваіх кандыдатаў з розных рэгіёнаў, і зарэгістраваных, і не зарэгістраваных на пікет каля Камароўскага рынку. У гэты ж час каля Камароўкі БРСМ зладзіў дыскатэку, праўладнае аб’яднаньне «Белая Русь» зьвезла з усёй краіны самадзейныя калектывы і арганізавала канцэрт, камуністы прыйшлі з чырвонымі сьцягамі.

Пляцоўка каля Камароўскага рынку ператварылася проста ў месца ідэалягічнага шматбор’я. Актывісты БРСМ, якіх зьнялі з заняткаў, прапануюць «забіць цьвік на абыякавасьць» і сапраўды грукаюць малатком па бервяне. «За стабільнасьць» сьпяваюць і танчаць «Полечку-трасуху» зьвезеныя з рэгіёнаў творчыя калектывы. Скочуць з шаблямі кітайскія студэнты. Але лёзунгі пікетоўцаў кампаніі «Гавары праўду» прабіваюцца праз сапраўдны гармідар.

«Кампанія „Гавары праўду“ і кандыдат Тацяна Караткевіч ладзяць апошні перадвыбарчы пікет. Далучайцеся, не праходзьце міма! Тут вы можаце павіншаваць палітзьняволенага праваабаронцу Алеся Бяляцкага з днём нараджэньня! Тут вы можаце прагаласаваць супраць датэрміновага галасаваньня! Выбары альбо балаган? Не праходзьдзе міма!»

«Паважаныя менчукі! Падыходзьце да маленькай крамы, дзе вы можаце ўбачыць цуд прыроды: залатыя і срэбныя яйкі, залатую і срэбную капусту, бульбу, моркву. Калі вы ня будзеце браць удзел у палітычных падзеях, то хутка ўсе прадукты ў гэтай краіне будуць залатымі».



Кандыдат у дэпутаты па Кальварийскай выбарчай акрузе Менску Тацяна Караткевіч кажа:

«Апошні дзень перад выбарамі. Тут павінны быць сёньня дэбаты кандыдатаў у дэпутаты, іх сустрэчы з выбарцамі, тлумачэньні. А тут сёньня дыскатэка. Нягледзячы на тое, што сёньня субота, сёньня — дзень агітацыі. І мы знаходзім сілы і кажам «Людзі! Заўтра выбары, і яны павінны граць важную ролю ў жыцьці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».

Карэспандэнтка: «Што новага вы адкрылі для сябе ў людзях падчас выбарчай кампаніі?»

«Я паверыла ў тое, што людзі нашы ўсё ж такі спадзяюцца на перамены, яны прагнуць перамен. Другая выснова — што ёсьць людзі, якіх нічога ўжо не цікавіць, яны ня вераць, што могуць штосьці зьмяніць. І трэцяя выснова пра тых людзей, якія сёньня падтрымліваюць праўладных кандыдатаў, і тых якія самі знаходзяцца ў гэтай сыстэме. Яны не разумеюць, што робяць, яны закладнікі амаральнасьці гэтага рэжыму».

Карэспандэнтка: «А ёсьць надзея на перамогу?»

«Надзея на перамогу? (сьмяецца) Тое, што я зрабіла разам з маёй камандай — кампаніяй „Гавары праўду!“ — гэта ўжо вялікая перамога».
Надзея на перамогу? (сьмяецца)

Карэспандэнтка: «Народу да пікетоўцаў „Гавары праўду“ падыходзіць шмат. На выбары пойдзеце?»

Бабуля: «Не хадзіла і не пайду! Каго я буду выбіраць? Вось за Бяляцкага — пайшла б. Дэпутаты ўжо ўсе прызначаныя. Усе прызначаныя! Яны атрымліваюць мільёны, а нам пэнсіі не хапае на лекі, ня тое што на хлеб. А пасьля выбараў, кажуць, цэны яшчэ павысяцца».

Спадар: «Фільтрацыя ідзе жудасная, прызначаць каго трэба ўладзе. Таму хто б мне ні казаў, што ў нас перамагае той, хто больш набярэ, ня веру. На выбарчых участках сядзяць назіральнікі. Гэта камэдыя самая сапраўдная! Я разумею так: назіральнік павінен бачыць, як адбываецца падлік галасоў, ён павінен бачыць бюлетэні. А яму дазваляюць сядзець на адлегласьці 15 мэтраў! Гэта што — дэмакратыя? Ня веру я ў сумленнасьць гэтых выбараў, ня веру».

Лідэр «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў падводзіць вынікі перадвыбарчай кампаніі:
Вось бачыце, як весела: камсамольцы тут, камуністы тут, танцоры тут. Дзе «Гавары праўду» — там весела

«Вось бачыце, як весела: камсамольцы тут, камуністы тут, танцоры тут. Дзе «Гавары праўду» — там весела…

Мы скарысталі абедзьве тактыкі, якія магчымыя на выбарах прэзыдэнта. Не дабралі як на ўдзеле, так і на байкоце. Нам патрэбная большасьць на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году. Я не скажу, што мы прыгарнулі да сябе мільёны, але дзясяткі тысяч прыгарнулі. І нам патрэбныя моцныя структуры. Не рассыпаныя сілы, а моцныя структуры. Мы якасна і колькасна ўзмацнілі структуру «Гавары праўду».

Карэспандэнтка: «У прынцыпе, вы задаволеныя праведзенай кампаніяй?

«Задаволены буду я тады, калі вось ад гэтых скокаў у падтрымку рэжыму Беларусь вызваліцца. На сёньняшні дзень разьбірацца, хто лепшы, а хто горшы ў апазыцыі, непрыстойна. Лепшы і першы будзе той, хто здолее павярнуць справу так, каб гэты рэжым скінуць. А сёньня ўсе аднолькавыя. Палітычна сёньня ўсе прайгралі. Баль правіць рэжым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG