Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральніка «байкотнай» акругі дапыталі ў пастарунку


Сябра руху «За Свабоду» Алесь Марчанка зьяўляецца назіральнікам на ўчастку № 367 па Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101. Ён адзін з тых назіральнікаў, якія засьведчылі ў акрузе № 101 так званую «карусэль», калі адбываецца масавае галасаваньне адных і тых жа людзей на розных выбарчых участках. У суботу, 22 верасьня, Марчанка ўзяў дзень адпачынку ў зьвязку зь сямейным сьвятам. Але ранкам яму патэлефанавалі зь сьледчага аддзелу Цэнтральнага РУУС Менску і запрасілі на размову. Актывісты паведамілі, што ён зьяўляецца сьведкам у справе скрадзенага ровара і паабяцалі прыслаць за ім машыну, каб даставіць ў аддзел.

Марчанка ісьці на гутарку адмовіўся. Ён падкрэсьліў, што пра скрадзены ровар чуе ўпершыню і сьведкам у падобнай справе быць ня можа.

Да 16-й гадзіны Алесь Марчанка знаходзіўся дома, а калі выйшаў у краму, яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Там яго каля дзьвюх гадзін дапытвалі ў справе цяпер ужо аўтамагнітолы, якая нібыта была скрадзеная з аўтамабіля ў двары суседняга дому 20 жніўня.

Пасьля складаньня пратаколу яго адпусьцілі. Алесь Марчанка мяркуе, што гвалтоўныя дзеяньні сілавікоў зьяўляюцца псыхалягічным ціскам, які ўлады чыняць на яго ў сувязі зь ягоным актыўным удзелам у назіраньні за выбарамі.
XS
SM
MD
LG