Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце. Паліна Шарэнда-Панасюк застаецца ў пастарунку


Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк
Сябра берасьцейскай дэмакратычнай кааліцыі «Спадчына» Віктар Чайкоўскі зьняпраўдзіў інфармацыю пра затрыманьне актывістаў Зьмітра Шурхая і Ўладзімера Катрыча. Аднак спадар Чайкоўскі паведаміў «Свабодзе», што 21 верасьня ўвечары былі затрыманыя сябры «Спадчыны» Паліна Шарэнда-Панасюк, Андрэй Шарэнда і непаўналетні Ўладзіслаў Бароўскі.

Актывісты разносілі ўлёткі з заклікам да байкоту, кажа Віктар Чайкоўскі:

«Учора позна ўвечары ў мяне зьявілася інфармацыя, што Андрэя Шарэнду адпусьцілі. А на Паліну складалі пратакол быццам бы праз тое, што знайшлі ў яе 600 улётак пра байкот. Уладзіслаў непаўналетні, таму яго, я думаю, мусілі адпусьціць.

Інфармацыя пра затрыманьне Зьмітра Шурхая і Ўладзімера Катрыча зьяўляецца няпраўдай. Зьміцер затрыманьня здолеў пазьбегнуць, а з Уладзімерам Катрычам учора мы якраз разам вычыталі ў інтэрнэце, што ён затрыманы».

Спадар Чайкоўскі кажа, што актывісты былі затрыманыя людзьмі ў цывільным і міліцыянтамі. Актывіст не выключае, што за імі сачылі.

Віктар Чайкоўскі апавёў, што цяпер нават зь незатрыманымі актывістамі «Спадчыны» праблематычна кантактаваць, бо яны паадключалі тэлефоны.

Берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк пацьвердзіў інфармацыю пра тое, што Паліна Шарэнда-Панасюк застаецца ў пастарунку, а Ўладзіслаў Бароўскі і Андрэй Шарэнда адпушчаныя. Спадар дакладна ня можа сказаць, які пратакол склалі на Паліну Шарэнду-Панасюк, але мяркуе, што за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Яшчэ Раман Кісьляк расказаў, што ўсе затрыманьні прайшлі ўчора ў розных месцах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG