Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкіх журналістаў не пусьцілі ў Беларусь


Гэта супрацоўнікі тэлекампаніі TV4: журналіст Стэфан Борг і апэратар.

Стэфан Борг апавёў Эўрарадыё, што запыт на акрэдытацыю ў беларускі МЗС яны падалі яшчэ ў сярэдзіне жніўня і колькі дзён таму атрымалі дазвол на працу падчас выбараў у Беларусі. У беларускім пасольстве ў Маскве ў іх прынялі дакумэнты, і яны аплацілі візавы збор. Аднак пашпарты ім вярнулі з штампам «Адмоўлена».

Стэфан Борг — вядомы ў Швэцыі журналіст, раней працаваў карэспандэнтам у Злучаных штатах.

Гэта далёка ня першы выпадак у сёлетнюю выбарчую кампанію, калі беларускія ўлады негасцінна ставяцца да замежных журналістаў.

21 верасьня ў менскім аэрапорце затрымалі журналіста аўстралійскага тэлеканалу SBS Амаса Робэртса. У яго забралі апаратуру і карткі памяці. Робэртс меў акрэдытацыю МЗС Беларусі і працаваў у РБ цягам тыдня.

18 верасьня падчас разгону перадвыбарчага пікету разам з актывістамі «Зьмены» былі затрыманыя і пабітыя журналісты. Сярод іх здымачная група нямецкага тэлеканалу ZDF: апэратар Дзмітрый Рудакоў і прадусар Аляксей Акулаў. Журналістаў адпусьцілі з Фрунзенскага РУУС празь дзьве гадзіны.

Яшчэ адной журналістцы гэтага тэлеканалу Аннэ Гелінэк раней адмовілі ў беларускай візе, не патлумачыўшы прычынаў. Аднак у беларускім пасольстве ёй паведамілі, што яе візыт у Беларусь «непажаданы»

Яшчэ ў сакавіку прасіла візу ў Беларусь карэспандэнтка нямецкай радыёстанцыі «Deutschlandradio» Гезінэ Дорнблют. Яна таксама атрымала адмову.

«БАЖ» з спасылкай на прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных паведамляе, што парлямэнцкія выбары будзе асьвятляць 351 акрэдытаваны замежны журналіст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG