Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жлобін. Фіксуеш парушэньні — далоў з участку


У Жлобіне на выбарчым участку № 15 выбарчай акругі № 40 камісія выдаліла з залі галасаваньня назіральніцу ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Ілону Ткачову.

Яна стала сьведкай таго, як чальцы камісіі выдалі пэнсіянэру па пашпарце два бюлетэні. Пэнсіянэр запоўніў іх, падышоў да скрыні галасаваньня, але ня змог упіхнуць усярэдзіну, паколькі бюлетэні былі згорнутыя ў чатыры столкі. Назіральніца запыталася: «Колькі ў вас бюлетэняў?» Ён разгарнуў іх і аддаў назіральніцы: «Глядзі, два!» У абодвух бюлетэнях было пазначана, што пэнсіянэр галасуе за старшыню райвыканкаму Леаніда Апанасюка, які балятуецца кандыдатам у дэпутаты.

Назіральніца напісала скаргу ў пракуратуру, акруговую камісію й Цэнтравыбаркам, што чальцы ўчастковай камісіі парушаюць 52-гі артыкул Выбарчага кодэксу. Марат Афанасьеў як давераная асоба кандыдата ў дэпутаты ад «Справядлівага сьвету» Валера Рыбчанкі, які таксама балятуецца кандыдатам у гэтай жа Жлобінскай выбарчай акрузе № 40, дапамагаў назіральніцы і адвозіў у акруговую камісію й пракуратуру яе скаргі, а заадно на агляд і два бюлетэні, на якія меўся двухбаковы акт. Высьветлілася, што два бюлетэні выдала ў адны рукі чалец камісіі спадарыня Борыкава.

У абед старшыня ўчастковай камісіі Сьвятлана Кішкіна правяла паседжаньне, на якім было вырашана выдаліць з участка назіральніцу Ілону Ткачову нібыта за ўмяшаньне ў працу ўчастковай камісіі. У дачыненьні да Марата Афанасьева складзены акт пра тое, што ён забраў з участка два бюлетэні, хоць пасьля дэманстрацыі іх у пракуратуры і ў акруговай камісіі Афанасьеў вярнуў гэтыя бюлетэні на ўчастак.

Падобны выпадак зафіксаваны й на ўчастку № 28, дзе таксама ў адны рукі выдавалі па два бюлетэні. І хоць за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць, аднак акруговая камісія № 40 толькі папярэдзіла Кацярыну Кацубу за парушэньне Выбарчага кодэксу.

Сытуацыя на ўчастку № 15 у акруговай камісіі й пракуратуры пакуль не разглядалася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG