Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра ахову межаў і заробак у 600 даляраў


Беларуска-польская мяжа

Беларуска-польская мяжа

Аляксандар Лукашэнка распавёў пра падрабязнасьці сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным:

«Абмяркоўвалі сытуацыю на нашай мяжы. Яна цяпер няпростая. Міграцыя жудасная ў Эўропу. Мне і сілавікі дакладаюць — яны ўжо стаміліся лавіць на мяжы людзей з выбухоўкай».

«Я ўжо эўрапейцам сыгнал даваў, што мы ня можам абараніць іх за ўласны кошт ад усяго гэтага хламу, які перамяшчаецца праз нашую мяжу, хоць мы стараемся хаця б нешта зрабіць. З другога боку, ізноў жа не хаваў: плаціце грошы — будзем лавіць. Яны ж не ў Беларусь прыйшлі. Яны ідуць да іх, туды, куды іх запрашалі», — паведамляе БелТА.

«Заробак — 600 даляраў, але за камуналку плаціце больш»


Аляксандар Лукашэнка лічыць, што ў наступным годзе сярэдні заробак можа дасягнуць 600 даляраў. Аднак для гэтага неабходна павялічыць «прадукцыйнасьць працы».

«Павялічым валавы даход — будзе павялічаны заробак», — прыводзіць словы прэзыдэнта Інтэрфакс.

Аляксандар Лукашэнка паведаміў таксама, што кошты жыльлёва-камунальных паслуг будуць паступова падвышацца. Пакуль беларусы ня могуць аплочваць іх стопрацэнтна.

«Сёньня ў нас ёсьць аддушына па газе і нафце, але ж гэта часова, заўтра гэтага можа і ня быць», — кажа Лукашэнка.

«У нас шмат індывідуальных прадпрымальнікаў, бізнэсмэнаў, якія могуць заплаціць больш за 100%. Але гэтых людзей трэба ведаць і трэба вызначыць, як заможных людзей папрасіць дапамагчы нам па камуналцы».
XS
SM
MD
LG