Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крысьціна Шацікава

абноўлена

Крысьціна Шацікава
Крысьціна Шацікава

21 верасьня ў магілёўскім госьпісе памерла грамадзкая актывістка Крысьціна Шацікава. Апошнім часам яна цяжка хварэла, у яе было анкалягічнае захворваньне. Ёй было 37 гадоў.

Апошнія гады Крысьціна Шацікава жыла з бацькамі на лецішчы пад Магілёвам, бо з другога паверха «хрушчоўкі» бязь ліфта не магла самастойна выйсьці. 30 ліпеня сёлета Крысьціна нашаму радыё распавяла сваю гісторыю хваробы:

«30 верасьня 2011 году я даведалася... І то, мяне знаёмы адвёз да сваёй знаёмай лекаркі, таму што мае лекары мне пастаянна прапісвалі таблетачкі ад кашлю. Я выклікала лекара, ён прыйшоў да мяне дахаты, нахаміў мне, сказаў, што калі мне бальнічны ліст не патрэбны, то і ў паліклініку мне ня трэба. А калі б мяне накіравалі ў паліклініку і зрабілі ў той момант флюараграфію, магчыма, усё б склалася па-іншаму... »

У апошні год жыцьця Крысьціне вельмі дапамагаў Томас Якавіцкі. Ён на сваёй машыне вазіў яе на працэдуры, а ў панядзелак, калі ёй стала дрэнна, адвёз у шпіталь:

«Яна трымалася да апошняга, яна трымалася за жыцьцё. Лекары ёй даўно ўжо сказалі, што засталося пару дзён, а яна працягвала змагацца з хваробай. Яна не хадзіла, але калі яе забралі са шпіталя, навучылася хадзіць з дапамогай крэсла. Быццам бы стала лепш, але раптам — кома, і памерла... Вельмі добры чалавек, змагар, прынцыповая, надзейная».

Праваабаронцу і журналіста Валера Шчукіна называлі «дзедам» Крысьціны Шацікавай. Нягледзячы на вялікую розьніцу ва ўзросьце, яны шчыра сябравалі і разумелі адно аднаго. Валер Шчукін кажа:
Яна была вельмі жыцьцярадасным чалавекам, дзяцей вельмі любіла, была клапатлівай маці

«Я спачатку чытаў пра яе ў інтэрнэце, а потым ужо мы пазнаёміліся і пасябравалі. Таму што я сам такі адчайны чалавек, і яна такая ж. Мы як бы дапаўнялі адно аднаго, сябравалі. А цяпер я асірацеў, страціў сябра і актыўнага калегу па барацьбе. Яна была вельмі жыцьцярадасным чалавекам, дзяцей вельмі любіла, была клапатлівай маці...»
Крысьціна Шацікава і Валер Шчукін
Крысьціна Шацікава і Валер Шчукін

Адзін зь лідэраў моладзевага руху Артур Фінькевіч ня раз удзельнічаў з Крысьцінай Шацікавай у розных акцыях. А пасябравалі яны, калі Артур адбываў пакараньне на «хіміі» ў родным горадзе Крысьціны — Магілёве:

«Яе дом быў побач зь месцам, дзе я адбываў пакараньне на „хіміі“, і яна і яе маці часьцяком прыносілі хлеб, хатнюю ежу, пяльмені. У бытавым пляне яны мне вельмі дапамагалі, бо я рэдка меў магчымасьць выходзіць у горад. Я вельмі ёй удзячны... Вельмі шкада. Я жадаю яе блізкім вытрымкі, каб яны здолелі гэтую страту мужна перажыць».

У Крысьціны Шацікавай засталіся двое дзяцей — хлопчыкі Нікіта і Ягор, 16-ці і 14-ці гадоў — і пажылыя бацькі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG