Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дайце мне даведку, што я прагаласавала…»


Незалежны назіральнік на Берасьцейшчыне Юры Жыдовіч апавёў «Свабодзе», як жанчына прыйшла на ўчастак датэрмінова і патрабавала даведку, што яна прагаласавала. Назіральнік кажа, што факты прымусу да галасаваньня існуюць, але людзі баяцца пра іх гаварыць.

Юры Жыдовіч кажа, што шмат разоў быў назіральнікам на выбарах, але з такім сутыкнуўся ўпершыню:

«Прыйшла жанчына і пачала прасіць у камісіі даведку, што яна прагаласавала. У камісіі адказалі, што, маўляў, мы такую даведку не даём. А яна тады ўслых заявіла, што такую даведку ў яе патрабуе майстар зьмены. І пагражае, што ў іншым выпадку ня дасьць ёй адгул.

Я яе папрасіў даць мне больш падрабязныя адказы. Але яна зразумела, што адбылося, і ад далейшай гутаркі адмовілася».

На думку Юрыя Жыдовіча, людзі баяцца казаць аб прымусе галасаваць на гэтых выбарах датэрмінова, бо ня хочуць страціць працу:

«Людзі баяцца… Справа ў тым, што ўлада ад гэтага ня зьменіцца. Тыя ж самыя людзі і застануцца на сваіх пасадах. Яны потым проста будуць ужо сваю скуру ратаваць. Ціск будзе зазнаваць тая жанчына, якая выявіць жаданьне раскрыць інкогніта гэтага майстра, гэтага прадпрыемства і таго, што там адбываецца».

Назіральнікам складана выявіць канкрэтнага віноўніка парушэньня

Назіральнік кажа, што ў такіх умовах складана зафіксаваць парушэньні выбарчага заканадаўства. Ён тлумачыць, што ў гэтым выпадку няма на каго складаць скаргу, бо невядомы віноўнік парушэньня.

Юры Жыдовіч назірае за выбарамі на ўчастку для галасаваньня № 3 Берасьцейскай-Усходняй акругі № 3.
XS
SM
MD
LG