Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомельшчына: назіральнікаў выдаляюць з участкаў


У Сьветлагорскім раёне старшыні ўчастковых камісіяў адмовілі ў назіраньні 8 з 17 прадстаўнікоў партыі левых «Справядлівы сьвет», вылучаных раённай арганізацыяй для незалежнага назіраньня за галасаваньнем.

Апавядае назіральнік Андрэй Зялёны з выбарчага ўчастку № 3, які месьціцца ў гарадзкой сярэдняй школе № 4:

«Старшыня камісіі, яна ж і дырэктарка школы, сказала, што ў мяне ў пратаколе вылучэньня не супадаюць адрасы партыі. Таму, кажа, вы ня можаце быць назіральнікам — вырашыце гэтае пытаньне».

З гэтай жа прычыны старшыня ўчастковай камісіі № 2, таксама дырэктар школы — Васіль Пацюк адмовіў у праве працягваць назіраньне назіральніку Леаніду Балдуеву. Спачатку пагадзіўся, каб назіральнік прысутнічаў на датэрміновым галасаваньні, а пасьля — забараніў.

Старшыня раённай арганізацыі «Справядлівага сьвету», кандыдат у дэпутаты ў Сьветлагорскай выбарчай акрузе № 46 Сяргей Дайнэка так патлумачыў сытуацыю:

«Яны сказалі так, што ў нас у выпісках з пратаколу пазначаны няправільны юрыдычны адрас. Як я зразумеў, у камісіі даслалі з управы юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму інфармацыю, што так, існуе такая арганізацыя й зарэгістраваная па такім і такім адрасе — пазначылі стары юрыдычны адрас, дзе мы ўжо больш як год не знаходзімся».

Раённая партыйная арганізацыя праз сваю абласную структуру вымушана была нанава накіроўваць назіральнікаў на ўчасткі. Дзеля гэтага падалі новыя выпіскі з пратаколаў. На думку спадара Дайнэкі, ператрус незалежных назіральнікаў зьвязаны зь нежаданьнем выбарчых камісіяў мець на ўчастках лішнія вочы:

«Я думаю, што ня кожны старшыня камісіі хоча, каб на ягоным участку былі незалежныя назіральнікі. Таму любымі мэтадамі яны будуць імкнуцца пазбавіцца ад іх, каб не перашкаджалі ім фальшаваць выбары, каб не было розных паказчыкаў у падліках».

У абласным цэнтры таксама выдалілі двух назіральнікаў, якія накіраваныя «Справядлівым сьветам» на ўчастак № 3 Цэнтральнай выбарчай акругі № 33.

Гэта зрабіла намесьніца старшыні камісіі Сьвятлана Кухарава, якая вылучаная ў камісію раённай арганізацыяй праўладнага рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь».

Назіральнік Андрусь Цянюта: «Мой напарнік Андрэй Жалезьнічэнка ўдакладніў, колькі чалавек атрымалі бюлетэні й прагаласавалі. Жалезьнічэнка адзін пытаўся: „Колькі?“, а выдалілі нас абодвух. Я мяркую, што цяпер на ўчастку, хутчэй за ўсё, будзе наганяцца яўка».

Спадар Цянюта падаў скаргі старшыні ўчастковай камісіі і ў акруговую камісію. Паводле назіральніка, да апошняга часу колькасьць тых, хто прагаласаваў на ўчастку паводле зьвестак камісіі і назіральнікаў, супадала.
XS
SM
MD
LG