Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барані ходзяць па хатах, каб расьпісаўся, што прагаласуеш датэрмінова


На Віцебшчыне сталі вядомы прыклады, калі чыноўнікі загадваюць людзям галасаваць датэрмінова і асабіста рабіць пра гэта справаздачу свайму начальству.

Настаўнікам ды іншым службоўцам загадана прагаласаваць і даць справаздачу непасрэднаму кіраўніку, паведаміў карэспандэнту «Свабоды» выкладчык спадар Сяргей:

«Кожны асабіста мусіць даць справаздачу, што прагаласаваў. Прагаласуеш — і тэлефануй свайму завучу. Ці кіраўніку на заводзе. Цяпер паўсюль так. За кожнага выбарца цяпер змагаюцца ўсімі сіламі. І ўсё на чэснасьць разьлічана — беларусы ж у нас „рахманыя“»…

Аднак на «чэснае слова» могуць і не паверыць. У Барані, невялікім гарадку пад Воршай, па кватэрах ходзяць з адмысловым сшыткам — бяруць падпіску, што абяцаеш прагаласаваць датэрмінова. Пра гэта апавёў мясцовы жыхар спадар Генадзь:

«Прыходжу дахаты — у дзьвярах цыдулка: трэба прагаласаваць датэрмінова. Назаўтра прыходзяць двое: „Слухайце, во ў нас журнал, расьпішыцеся ў ім, што вы згодны прагаласаваць датэрмінова“. Во як у нас выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс! Зразумела, яны ж не да нас выпадкова трапілі, а па ўсіх кватэрах ходзяць. І настойліва так прапануюць, што расьпішыцеся. І ўсім, усім, усім!»


У дні папярэдняга галасаваньня выбарцаў могуць чакаць на ўчастках і іншыя сюрпрызы. Так, на Бабініцкім выбарчым участку № 13 чальцам камісіі забаранілі вывешваць агітацыйныя матэрыялы кандыдата ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Мікалая Дзямідава. Ён пайшоў запытацца, што гэта за «хованкі» ад выбарцаў:

«Кажу: „Чаму забараняеце вывешваць друкаваную прадукцыю, якая каштуе дзяржаўных грошай?“ Сакратар кажа: „Нам забаранілі з райвыканкаму“. Кажу: „Вы хоць разумееце, што зараз сказалі? Хто выбары арганізуе? Выбарчая камісія, а не райвыканкам. Інакш — гэта ўмяшаньне ў выбарчы працэс“. Тады яна: „Ой, мы яшчэ ўдакладнім! І паглядзім яшчэ, што ў вас там напісана“. Кажу: „Во нават як!“ Відаць, райвыканкам даў загад на сельскіх участках нічога не вывешваць, і ўсё!»

Пазыцыя ўладаў зразумелая, кажа спадар Дзямідаў: па Аршанскай Дняпроўскай акрузе разам зь ім балятуецца сам старшыня Аршанскага райвыканкаму Ўладзімер Дзедушкін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG