Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва рэагуе на залёт самалёта зь Беларусі 18 верасьня


У пятніцу Літва ўручыла Беларусі ноту, у якой просіць падаць інфармацыю пра парушэньне паветранай прасторы Літвы – гэта агенцтву BNS пацьвердзіла Міністэрства замежных справаў Літвы.

Міністэрства абароны Літвы ў пятніцу пацьвердзіла агенцтву BNS, што вайскоўцы, якія назіралі за паветранай мяжой, зафіксавалі факт парушэньня мяжы з боку Беларусі.

«Службы, якія назіралі за паветранай прасторай, зафіксавалі, што 18 верасьня, у 16.54, неапазнаны авіяляйнэр парушыў паветраную мяжу Літвы з боку Беларусі, ён уварваўся на тэрыторыю Літвы каля вёскі Мацучай (Салечніцкі раён). Прабыўшы на літоўскай тэрыторыі некалькі дзясяткаў сэкунд, ён вярнуўся ў Беларусь. Пра гэта ваенна-паветраныя сілы Літвы паведамілі Міністэрству замежных спраў», — гаворыцца ў адказе Міністэрства абароны Літвы.

Між тым Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адказала BNS, што ў віленскім аддзяленьні гэтай службы пачата расьсьледаваньне ў сувязі з незаконным перасячэньнем паветранай мяжы 18 верасьня.

Гэты інцыдэнт быў зафіксаваны праз тры месяцы пасьля так званага скандалу з «плюшавымі мішкамі», калі швэдзкія актывісты без дазволу заляцелі на тэрыторыю Беларусі зь літоўскай тэрыторыі і выкінулі ў Беларусі з самалёту сотні плюшавых мядзьведзікаў з лёзунгамі за свабоду слова.
XS
SM
MD
LG