Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў швэдаў зелянеюць валасы?


Нягледзячы не несур’ёзную ідэю, якая ляжыць у аснове гэтай прэміі, прэстыж «шнобэляў» з году ў год узрастае. Між іншым таму, што шмат «шнобэлеўскіх» ляўрэатаў атрымалі і Нобэлеўскую прэмію. Хрэстаматыйным прыкладам зьяўляецца тут брытанскі фізык расейскага паходжаньня Андрэ Гейм, які ў 2000 годзе атрымаў «шнобеля» за экспэрымэнт, у якім яму пры дапамозе моцнага магнітнага поля ўдалося падняць жабу ў паветра, а ў 2010 – нобэлеўскую прэмію ў галіне фізыкі за вынаходзтва вельмі цікавага матэрыялу – графэну.

Спачатку ляўрэаты «шнобэляў» саромеліся прыяжджаць на цырымонію ўручэньня прэміі ў Гарвардзкі ўнівэрсытэт. Прэмія «шнобэль» – гэта ўсяго поціск рукі, дыплём і хвілінны выступ перад непрадказальнай публікай, якая абсьвіствае выступоўцаў і запускае ў іх папяровыя самалёцікі. Але вось сёлета на цырымонію ўручэньня «шнобэляў» прыехалі дзевяць зь дзесяці ляўрэатаў (трэба тут яшчэ адзначыць, што ляўрэаты прыяжджаюць і ад’яжджаюць за ўласны кошт). Значыць, ляўрэаты лічаць, што «шнобэль» хутчэй дадае навукоўцу павагі, чым высьмейвае.

Як зьменшыць Эйфэлеву вежу?

У галіне псыхалёгіі сёлетняга «шнобэля» атрымалі трое дасьледнікаў з Галяндыі, якія ў адмысловым экспэрымэнце з добраахвотнікамі даказалі, што калі чалавек глядзіць на Эйфэлеву вежу, нахіліўшы галаву ўправа, дык вежа падаецца ў сярэднім на 12 мэтраў ніжэйшай, чым калі глядзець на яе з галавой нахіленай улева або з выпрастанай.

Мірны «шнобэль» для фабрыкі мікрадыямэнтаў

«Шнобэля» ў галіне міру атрымала расейская кампанія СКН з гораду Сьнежынск на паўднёвым Урале (у савецкі час гэты сакрэтны горад меў назву Чалябінск-70), якая распрацавала тэхналёгію вырабу маленькіх дыямэнтаў пры дапамозе выбуховых матэрыялаў, што падлягаюць утылізацыі.

Як прымусіць чалавека замоўкнуць?

У галіне акустыкі былі ўзнагароджаныя два японскія дасьледнікі, якім удалося сканструяваць «глушыльнік мовы» – прыстасаваньне, якое прымушае замоўкнуць нават самага неўгамоннага гаваруна.

У прыстасаваньні, якое можна назваць акустычным пісталетам, знаходзіцца мікрафон, які выхоплівае, нават з далёкай адлегласьці, чалавечы голас ды пасылае яго зь невялікім спазьненьнем – прыблізна 0,2 сэкунды – назад у бок гаваруна. Размоўнік чуе свой голас са спазьненьнем (часам такое здараецца пры няякасных тэлефанічных размовах, калі чуваць «тэлефоннае рэха»). Гэты эфэкт «уласнага рэха», як пераканаліся згаданыя японскія дасьледнікі, настолькі бянтэжыць гаваруна, што ён пачынае заікацца, губляе нітку размовы і наогул змаўкае.

Чаму ў швэдаў зелянеюць валасы?

У галіне хіміі «шнобэля» атрымаў швэдзкі інжынэр Ёган Пэтэрсан, які разгадаў загадку, чаму ў жыхароў мястэчка Андэшлёў (паўднёвае ўзьбярэжжа Швэцыі, 1800 жыхароў) пачалі зелянець валасы.

Пэтэрсан спачатку выявіў, што валасы ў гэтай мясьціне зелянеюць толькі ў тых, хто жыве ў зусім новых дамах. А ў насельнікаў старых дамоў колер валасоў заставаўся арыгінальны, то бок, наогул бялявы і сьветлы. Потым Пэтэрсэн адкрыў, што зялёны колер валасоў бярэцца адно ад мыцьця іх у гарачай вадзе, якая адстаяла прынамсі суткі ў трубах вадаправоду. А потым гэты кемны інжынэр знайшоў канчатковую разгадку – зялёны колер валасоў браўся ад таго, што вада ў новых трубах уваходзіла ў рэакцыю з іёнамі медзі і выпалосквала іх з матэрыялу трубаў. Свае адкрыцьці Пэтэрсан падсумаваў парадамі, каб жыхары Андэшлёў мылі валасы ў халоднай вадзе або ранкам спускалі адстоеную ваду з трубаў. Нецярплівым, якім не хацелася чакаць, пакуль не сплыве ўся адстоеная вада, параіў перабрацца ў старыя дымы, у якіх адпаведна і трубы былі старыя, гэта значыць, ня ўтрымлівалі зялёных іёнаў медзі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG