Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ва ўсім сьвеце дэпутаты парлямэнту — гэта палітыкі, то ў Беларусі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў даўно ператварыліся ўсяго толькі ў хадайнікаў па скаргах жыхароў выбарчай акругі.

Днямі даваў камэнтар аднаму замежнаму журналісту, які прыехаў асьвятляць выбары. Ён дзівіўся, як ціха праходзіць выбарчая кампанія, як цяжка заўважыць нейкія прыкметы палітычнай барацьбы, палітычнага жыцьця ўвогуле. І настойліва пытаўся, чаму дзяржаўныя інстытуты імкнуцца зрабіць выбары мінімальна заўважнымі для грамадзтва. Маўляў, ва ўсім сьвеце, нават у недэмакратычных краінах, выбары — гэта сродак, мэханізм легітымізацыі ўлады. Чаму ў Беларусі ня так? Чаму ўлады ня ладзяць кампанію палітычнай, ідэалягічнай мабілізацыі электарату, а абмяжоўваюцца толькі адміністрацыйнымі захадамі? І сапраўды, чаму?

Сярод шмат якіх чыньнікаў хачу спыніцца толькі на адным. Справа ў тым, што Палату прадстаўнікоў у Беларусі ня лічыць уладай ня толькі грамадзтва, але і кіраўніцтва краіны, а разам зь ім — уся намэнклятура.

Для пачатку невялікі гістарычны бэкграўнд. На ўсёй постсавецкай прасторы фармаваньне аўтарытарных рэжымаў адбывалася ў працэсе змаганьня прэзыдэнтаў з парлямэнтамі. Бо апошнія па самой сваёй прыродзе — сродак процідзеяньня ўзурпацыі ўлады выканаўчымі органамі, элемэнт падзелу ўлады. І найноўшая гісторыя Беларусі можа служыць тут добрай ілюстрацыяй.

Калі Лукашэнка заняў пасаду прэзыдэнта і прайшла першая эйфарыя ад «царскіх паўнамоцтваў», то хутка ён зразумеў, што галоўная перашкода на шляху да аднаасобнай улады — Вярхоўны Савет. І пачаў яго бэсьціць, дыскрэдытаваць, патрабаваў, каб ён хутчэй спыніў свае паўнамоцтвы. А перад выбарамі новага складу парлямэнту 20 красавіка 1995 году сказаў сваю знакамітую фразу: «Я ні за кога ня буду галасаваць. Ні за кога. Усё роўна абмануць. Адны сышлі з ільготамі, другія прыйдуць — ільготы прыхвацяць. І яшчэ прэзыдэнта будуць душыць. Не таму, што я тут супраць выбараў. Калі ласка!.. Але я не пайду галасаваць».

Калі на выбарах у траўні 1995 году было выбрана менш за палову складу Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, Лукашэнка ўсяляк перашкаджаў правядзеньню давыбараў, дамагаўся, каб гэты новыя выбарныя дэпутаты абвясьцілі сябе парлямэнтам. То бок ён імкнуўся, каб Вярхоўны Савет быў непаўнавартасны, напалову легітымны.

Потым, хоць усё ж выбраны Вярхоўны Савет 13-га скліканьня быў цалкам ляяльны прэзыдэнту, Лукашэнка вырашыў яго ўсё ж ліквідаваць з дапамогай рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі. Дзяржаўныя мэдыі вялі кампанію ў падтрымку кіраўніка дзяржавы, дыскрэдытуючы парлямэнт як такі, саму ідэю парлямэнтарызму. Маўляў, у краіне павінен быць адзін гаспадар. А спробы Вярхоўнага Савету зладзіць імпічмэнт прэзыдэнту канчаткова ператварылі парлямэнт у яго галоўнага ворага.

І каб на векі вечныя пазьбегнуць пагрозы сваёй уладзе з боку парлямэнту, Лукашэнка ў новую Канстытуцыю заклаў падвойную страхоўку. Па-першае, Палата прадстаўнікоў была пазбаўлена адной з галоўных функцыяў парлямэнту — права самастойнай заканадаўчай ініцыятывы. Па-другое, над ёй быў надбудаваны зусім штучны для Беларусі інстытут — Савет Рэспублікі, які павінен быў блякаваць непажаданыя рашэньні ніжняй палаты. А для поўнай гарантыі палітычнай стэрыльнасьці вышэйшага прадстаўнічага органу дзяржавы была створана трэцяя страхоўка — ліквідаваны інстытут выбараў. Выбарчы працэс быў ператвораны ў дэкаратыўны рытуал на савецкі манер.

Але з тых часоў парлямэнт ператварыўся для Лукашэнкі ў фантомны боль. Органа няма, аднак ён баліць. Перажыўшы вялікі страх ад рэальнай пагрозы імпічмэнту ў 1996 годзе, Лукашэнка вынес для сябе два важныя ўрокі.

Першае: нават цалкам ляяльны парлямэнт можа пры пэўных абставінах выйсьці з-пад кантролю і ператварыцца ў палітычную гільятыну для прэзыдэнта. Досьвед Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня тут служыць добрай ілюстрацыяй.

Другое: нават невялікая група апазыцыянэраў у цалкам ляяльным парлямэнце можа забаламуціць дэпутатаў і павесьці іх у непатрэбны бок. І тут дарэчы ўласны дэпутацкі досьвед Лукашэнкі. У Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня невялікая фракцыя БНФ часта вяла за сабой парлямэнт. Менавіта таму Лукашэнка ў апошні момант збаяўся прапусьціць у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе 4–5 апазыцыянэраў, хоць абяцаў гэта зрабіць эўрапейскім дыпляматам.

І калі ва ўсім сьвеце дэпутаты парлямэнту — гэта палітыкі, то ў Беларусі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў даўно ператварыліся ўсяго толькі ў хадайнікаў па скаргах жыхароў выбарчай акругі. І падчас гэтай кампаніі Ярмошына настойліва імкнулася зьвесьці выбарчую кампанію да побытавых праблемаў насельніцтва. Якая ўжо тут улада!

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG