Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал з TeliaSonera ва Ўзбэкістане — паралелі зь Беларусьсю


Тэлекамунікацыйную кампанію TeliaSonera вінавацяць у адмываньні грошай праз афшорныя кампаніі. Да гэтага нібыта мела дачыненьне і дачка прэзыдэнта Ўзбэкістану Гюльнара Карымава.

Некалькі месяцаў таму швэдзкія мэдыі расьсьледавалі акалічнасьці супрацоўніцтва буйной швэдзка-фінскай тэлекамунікацыйнай кампаніі TeliaSonera з уладамі Беларусі, Азэрбайджану і Ўзбэкістану.

Так, праз сваю даччыную фірму ў Беларусі — апэратара мабільнай сувязі Life :) — ЗАТ «БеСТ» (фармальна 80% яго акцыяў належыць турэцкаму апэратару Turkcell, галоўны акцыянэр якога — TeliaSonera) швэдзка-фінская кампанія, паводле швэдзкіх журналістаў, добра паспрыяла беларускаму рэжыму падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Тады Life :) здала ўладам поўную інфармацыю пра перапіску, званкі, месцазнаходжаньне, перамяшчэньні апанэнтаў рэжыму.

Як заявіла тады ў інтэрвію Sveriges Radio генэральны сакратар «Швэдзкай амністыі» Ліз Бэрг, «па сутнасьці, падобная супраца з спэцслужбамі працягваецца. Аднак яна ўжо не абмяжоўваецца Беларусьсю. Цяпер з дапамогай TeliaSonera аўтарытарныя рэжымы Азэрбайджану ды краін Цэнтральнай Азіі маюць доступ да трафіку сваіх палітычных апанэнтаў».

Сёньня ў цэнтры ўвагі швэдзкіх ды швайцарскіх мэдыяў (Sveriges Radio, Radio Television Suisse, Blick ды іншых) — чарговы скандал вакол TeliaSonera. Улады Швайцарыі распачалі расьсьледаваньне дзейнасьці дачкі прэзыдэнта Ўзбэкістану Гюльнары Карымавай, якая падазраецца ў атрыманьні ад TeliaSonera хабару ў памеры 320 мільёнаў даляраў за выхад на мясцовы рынак.

Паведамляецца, што швайцарская генпракуратура ўжо арыштавала рахункі, якія, акрамя дачкі Карымавай, належаць яшчэ тром грамадзянам Узбэкістану. На гэтых рахунках — сотні мільёнаў франкаў.

Што да швэдзкай пракуратуры, то яна пакуль уважліва сочыць за расьсьледаваньнем, якое вядуць швайцарскія калегі.
XS
SM
MD
LG