Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх замежнікаў баяцца ў Магілёве?


Адзін зь пяці замежнікаў, хто ад’ехаў учора ўвечары зь Беларусі неплянавана заўчасна, сябра Міжнароднай фэдэрацыі лібэральнай моладзі немец Даніэль Георг даў на разьвітаньне інтэрвію Радыё Свабода.

Пяцёра замежных грамадзянаў, якім 19 верасьня Ленінскі аддзел грамадзянства і міграцыі Магілёва скараціў тэрмін знаходжаньня ў Беларусі, 20 верасьня позна ўвечары выехалі з краіны. Грамадзянам ЗША, Нямеччыны, Нідэрляндаў ды Аўстрыі выставілі абвінавачваньне, што мэта іх знаходжаньня ў Беларусі не адпавядае заяўленай у візе. Іх затрымалі, калі яны сустракаліся з грамадзкімі актывістамі Магілёва 18 верасьня. У Магілёў яны прыехалі па турыстычных візах на запрашэньне актывіста няўрадавай арганізацыі "Грамадзянскі форум" Юрыя Стукалава. Адным зь іх быў нямецкі грамадзянін Даніэль Георг.

Карэспандэнт: "Спадар Даніэль, як вы маецеся пасьля таго, што з вамі адбылося ў Магілёве, у Беларусі? Як адчуваюць сябе вашы калегі, якім таксама давялося сутыкнуцца з нашымі рэаліямі?"

Даніэль Георг: "Са мной усё ў парадку. Я, праўда, крыху нэрвуюся. Мне дужа падабаецца ваша краіна Беларусь. Мне ня хочацца зьяжджаць і не хацелася быць у такой сытуацыі, але я ў прынцыпе ведаў, што такое магло здарыцца. Уся наша дэлегацыя таксама ў парадку. Мы ня думалі, што парушаем нейкі закон. Я дагэтуль лічу, што мы нічога не зрабілі супраць вашага ўраду, дзяржавы і Рэспублікі Беларусь".

Карэспандэнт: "Як вы ўспрынялі рашэньне нашых міграцыйных службаў, якія скарацілі вам тэрмін знаходжаньня ў Беларусі? І як паставіліся да абвінавачаньняў, што вы ўдзельнічалі ў нейкім сэмінары?"

Даніэль Георг: "Вядома, я ня дужа рады гэтаму. Аднак я ведаю, на жаль, што былі выпадкі, калі за ўдзел у падобных мерапрыемствах людзей дэпартавалі. Мы спадзяваліся, што гэтага з намі не адбудзецца. Мне дужа шкада, што прадстаўнікі вашай улады думаюць, што нам нельга ўдзельнічаць у такіх мерапрыемствах і наагул мы не павінны займацца такімі рэчамі, знаходзячыся ў вашай краіне".

Даніэль Георг на заднім пляне ў цэнтры.
Даніэль Георг на заднім пляне ў цэнтры.


Карэспандэнт: "Вы пакідаеце Беларусь зь якімі пачуцьцямі? Беларускія ўлады вас баяцца?"

Даніэль Георг: "Мы вернемся ў свае краіны і будзем сустракацца са сваімі сябрамі і гаварыць, пра што хочам. Аднак мне дужа шкада тых людзей, якія жывуць тут, у Беларусі, бо яны ня могуць гэтага рабіць спакойна і свабодна і ім чыняць такія перашкоды. Я ня думаю, што вашыя ўлады павінны нас баяцца. Мы толькі хочам сустракацца з нашымі сябрамі. Абмяркоўваць рэчы, якія нам цікавыя. Баяцца нас зусім ня варта".

Карэспандэнт: "Ці захочаце яшчэ раз наведаць нашу краіну?"

Даніэль Георг: "Так, безумоўна. Я ня першы раз у Беларусі. Мне падабаецца ваша краіна. У мяне тут шмат сяброў. Я, праўда, ня ведаю, ці будзе ў мяне такая магчымасьць, ці атрымаецца, ці дазволяць. Але я буду падтрымліваць сувязь з сваімі сябрамі тут. У вашай краіне ёсьць рэчы, якія можна было зьмяніць, зрабіць іх лепей. І, відаць, яны ня хочуць, каб мы неяк спрыялі гэтаму і атрымлівалі інфармацыю, якую можна атрымаць, толькі знаходзячыся тут. Улады лічаць, што калі мы зьедзем з вашай краіны, то яны змогуць вырашыць гэтую праблему. Мы ж ведаем, што адбываецца ў вашай краіне, і будзем сачыць за сытуацыяй. Таму, выправіўшы нас з краіны, яны ня вырашылі праблемы".

З рашэньнем міграцыйных службаў Магілёва замежнікі не пагадзіліся. Замежнікі, як маглі, спрабавалі пераканаць службоўцаў, што нічога не парушалі, але марна. Усім паставілі ў пашпартах пазнаку, што тэрмін дзеяньня іх візы скарочаны, і выдалі прадпісаньне пакінуць краіну да 24 гадзіны 20 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG