Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: "Махавік датэрміновага галасаваньня ўжо не спыніць і ўладам"


Тры дні датэрміновага галасаваньня даюць падставу незалежным назіральнікам заяўляць -- улады ўсялякімі спосабамі спрабуюць падвысіць яўку выбарцаў. Сёлета датэрмінова можа галасаваць больш, чым на папярэдніх парляменцкіх выбарах.

Адміністрацыйны рэсурс сёлета выкарыстоўваецца, як кажуць, на поўную катушку, адзначае нацыянальны каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары – 2012" Віктар Карняенка:

"Паводле нашых дадзеных, больш жорстка прапануюць галасаваць датэрмінова людзям, залежным ад улады. У нас ёсьць зьвесткі пра калектыўныя паходы на выбары курсантаў вайсковых вучэльняў. Ёсьць добра і сумнавядомыя факты, калі масава галасуюць студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Гэта сьведчыць пра тое, што для арганізацыі гэтага працэсу вельмі моцна выкарыстоўваецца адміністратыўны рэсурс.

Такія дадзеныя мы атрымліваем фактычна зь усіх рэгіёнаў. Напрыклад, у Горацкай акадэміі хутка прагаласуюць і 120% выбарцаў. Ёсьць фотаздымкі, як у Менску курсанты галасуюць калектыўна".

Шчыльнае назіраньне за асобнымі акругамі і ўчасткамі прыносіць незвычайныя факты. Так, высьвятляецца, што на асобным участку кватэраў болей, чым выбарцаў, -- расказвае прадстаўнік руху "За свабоду" Юрась Меляшкевіч. Ён вядзе назіраньне ў Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101. Гэтае месца абранае для арганізацыі байкоту ў асобнай выбарчай акрузе актывістамі руху "За свабоду", партыі БНФ, грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду", моладзевай структуры "Zмена".
Датэрміновае галасаваньне ў Менску.

Датэрміновае галасаваньне ў Менску.



"Ёсьць пытаньні да колькасьці выбарцаў на пэўных участках. Напрыклад, на адным участку колькасьць кватэраў большая за колькасьць выбарцаў. А на суседнім такім жа участку, дзе нашы актывісты вялі агітацыю, колькасьць выбарцаў удвая большая за колькасьць кватэраў. І гэта нармальна. А калі кватэраў 1200, а выбарцаў 1100, то гэта яўны абсурд, маніпуляцыя і фальсыфікацыя са сьпісамі выбарцаў", – кажа Юрась Меляшкевіч.

Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтарвыбаркаму, яўка на датэрміновым галасаваньні сёлета перавышае яўку на выбарах чатырохгадовай даўніны, не кажучы ўжо пра кампанію 2004 году. У 2008 годзе, дарэчы, усяго датэрмінова прагаласавалі 26,0 % выбарцаў, у 2004 – 17,4 %.

Улады запусьцілі махавік датэрміновага галасаваньня так моцна, што спыніць яго ўжо не змогуць і самі, упэўнены экспэрт у галіне выбараў Сяргей Альфер:

"Сытуацыя ў краіне такая, што 25% гэта абсалютна зразумела. Мясцовыя органы ўлады выганяюць на датэрміновае галасаваньне. І што б там не рабіла Ярмошына, яна гэтага не спыніць. Хіба што, калі б з адміністрацыі прэзыдэнта далі ўказаньне не выганяць? Але і тады ўсё роўна працэнтаў 10-15 выгналі б. Нікуды ад гэтага ўжо не дзецца".
XS
SM
MD
LG