Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкі палітвязень: Цяпер яшчэ горш, чым было тады


20 верасьня ў рамках акцыі «Маратон салідарнасьці» прайшла сустрэча зь Сяргеем Ханжанковым.

«У мой час, калі мяне судзілі, ні пра які маратон салідарнасьці і гаворкі не ішло, — сказаў на пачатку вечарыны Ханжанкоў. — Мяне пасадзілі, закрыты суд, 10 гадоў. Адзіная салідарнасьць — гэта калі я вярнуўся, я камунікаваў з тымі сябрамі, зь якімі 10 гадоў таму разьвітаўся».

У 60-х гадах Сяргей Ханжанкоў арганізаваў у Менску групу з чатырох сваіх сяброў, каб узарваць вежу з глушылкай. Зьдзейсьніць плян не ўдалося, бо сярод падпольшчыкаў аказаўся сэксот — былы аднаклясьнік. У 1963-м 21-гадовага Хажанкова пакаралі 10 гадамі зьняволеньня ў лягеры ў Мардовіі.

Ханжанкоў: «Як цяпер Дашкевічу далі тэрмін за парушэньне рэжыму — у нас такога не было. За парушэньне рэжыму давалі ізалятар, ПКТ (змяшчэньне ў памяшканьне камэрнага тыпу — РС), турэмны рэжым. Але каб дадаваць тэрмін — такога нават тады не было. Я маю на ўвазе пасьлясталінскія часы».

Ад 1973 году Сяргей Ханжанкоў жыве ў Менску. Рэабілітацыі ня мае і не дамагаўся яе.

«Маратон салідарнасьці» — акцыя, якую арганізуе група «За волю», каб падтрымаць беларускіх палітычных зьняволеных. У рамках «Маратону салідарнасьці» выступілі знаныя музыкі й літаратары: Лявон Вольскі, Аляксандар Памідораў, Зьміцер Бартосік, Славамір Адамовіч. Для апошняга тэма палітвязьняў асабліва блізкая: у 1996 годзе паэт правёў восем месяцаў у ізалятары КДБ за верш «Забі прэзыдэнта».
XS
SM
MD
LG