Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынік незалежнага назіраньня – прагаласавалі 2,7%


Міхаіл Васільеў

Міхаіл Васільеў

На Меншчыне ў Барысаўскай акрузе № 62 грамадзкая кампанія «За справядлівыя выбары» ў час датэрміновага галасаваньня наладзіла «татальнае назіраньне» на пяці выбарчых участках.

Арганізатар назіраньня, старшыня Барысаўскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Міхаіл Васільеў сёньня паведаміў «Свабодзе»:

«Па Барысаўскай выбарчай акрузе № 62 за першыя два дні датэрміновага галасаваньня з 10 360 усіх выбарцаў на ўчастках, якія мы кантралюем, прышлі і датэрмінова прагаласавалі 270 чалавек, а паводле дадзеных камісіі — 276 чалавек. Як бачыце, дадзеныя абодвух падлікаў ня вельмі адрозьніваюцца, але зьвярніце ўвагу на наступнае: паводле нашых дадзеных, толькі 2,6% выбарцаў прынялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні ў першыя два дні, у той час як паводле дадзеных участковай камісіі — 2,7%. І гэта нашмат менш за тыя дадзеныя, якія агучыў сёньня ў дзяржаўных СМІ сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Паводле ягоных дадзеных, за першыя два дні на галасаваньне прыйшло 7,2 працэнта. А ў Барысаве, як бачыце, наадварот: не 7,2%, а 2,7%».

Гэтыя палярныя лічбы ў справаздачах незалежнага назіраньня й Цэнтравыбаркаму прымушаюць задумацца пра магчымыя маніпуляцыі. Разважае намесьнік старшыні АГП, жыхар Барысава Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«На жаль, пры кантролі за датэрміновым галасаваньнем мы нічога ня можам праўдзіва даведацца пра вынікі падліку галасоў, у тым ліку і з тымі магчымымі „карусэлямі“, якія ўчора нібыта выявілі ў Менску. Адзінае, што мы можам зрабіць дакладна, — гэта падлік удзельнікаў выбараў.

Але для гэтага трэба, каб на кожным участку хаця б у дзень асноўнага галасаваньня было ня менш за чатыры назіральнікі. Калі ж узяць 7 тысяч участкаў і памножыць на 4, то агулам трэба 28 тысяч назіральнікаў. Гэта немагчыма. Але зрабіць такое назіраньне на некалькіх (як у Барысаве — пяці) участках, я спадзяюся, удасца. Тым больш што яны знаходзяцца ў адным будынку. Да прыкладу, у СШ № 20 у Барысаве. І калі тут на адным участку вынік будзе, да прыкладу, 48% выбарцаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні, а на суседнім — 70%, то гэта будзе паказальна, бо тут — адзіны жылы масіў, аднолькавыя дамы — вось у чым я бачу сэнс такой практыкі назіраньня».

Паводле Льва Марголіна, новую практыку абагульняць і пры неабходнасьці скарыстаюць у наступных выбарчых кампаніях.
XS
SM
MD
LG