Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: абласны суд не адмяніў кампэнсацыю актывісту прафсаюзу


Мікалай Карышаў

Мікалай Карышаў

Берасьцейскі абласны суд часткова задаволіў касацыйны пазоў мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» да звольненага актывіста незалежнага прафсаюзу Мікалая Карышава.

Юрыст Сяргей Лахаў, які прадстаўляў інтарэсы «Граніту», дабіваўся адмены ранейшага рашэньня Лунінецкага суду аб выплаце прадпрыемствам кампэнсацыі Мікалаю Карышаву ў памеры 1 мільён 722 тысячы 980 рублёў. Прадстаўнік прадпрыемства хадайнічаў, каб пазоў актывіста да «Граніту» разгледзелі нанава.

Аднак абласны суд рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі не скасаваў, а толькі зьменшыў памер кампэнсацыі на 1 мільён рублёў.

Як апавёў кіраўнік суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч, актывісты судзяцца з прадпрыемствам не дзеля грошай, а адстойваючы гонар:

«Для нас гэта справа гонару — адстойваць правы сябраў нашага прафсаюзу, якіх звольнілі з прадпрыемства за іх актыўнасьць у стварэньні суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу на „Граніце“. І мы і надалей будзем абараняць правы працоўных. Зараз мы будзем вырашаць зь юрыстамі, як будзем дзейнічаць далей у гэтай сытуацыі. Калі кіраўніцтва прадпрыемства звальняе людзей, парушаючы заканадаўства, мы ня будзем сядзець склаўшы рукі».

Намесьнік старшыні суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Мікалай Карышаў праз Лунінецкі суд дамогся ад прадпрыемства кампэнсацыі за затрымку канчатковага разьліку.

Напрыканцы 2011 году некалькі соцень працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы, што выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясьцілі, што ствараюць на прадпрыемстве суполку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу ж сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск на сябе з боку адміністрацыі.

З прадпрыемства звольненыя актывісты БНП Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Людміла Літвінка, Віталь Пашэчка.
XS
SM
MD
LG