Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат ад ЛДП застаўся ў акрузе адзін


Belarus - Parliamentary Election in Belarus. Stand for agitation in Minsk, 25Aug2012

Belarus - Parliamentary Election in Belarus. Stand for agitation in Minsk, 25Aug2012

Вызвалены на пачатку верасьня з пасады памочніка прэзыдэнта — галоўнага інспэктара па Гомельскай вобласьці Ігар Пракапенка зьняўся з выбараў.

50-гадовы чыноўнік балятаваўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36, але 17 верасьня напісаў у акруговую камісію заяву, што адмаўляецца ад кандыдацтва.

Блізкія да ўладаў крыніцы зьвязваюць нечаканы сыход Пракапенкі са справай пра махінацыі з кватэрамі, на якіх пагарэлі ўжо кіраўнікі ўправы капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму й старшыня таго выканкаму Віктар Піліпец.

Сыход з выбарчай дыстанцыі галоўнага праўладнага канкурэнта, якога лічылі няйнакш як прызначаным дэпутатам, спарадзіў у Навабеліцкай выбарчай акрузе цікавую сытуацыю. Перад Ігарам Пракапенкам зьняўся з выбараў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Няпомняшчых. І цяпер у 36-й акрузе застаўся толькі адзін кандыдат — вылучэнец Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Мельнікаў, энэргетык прыватнага прадпрыемства, 1981 году нараджэньня. Гэта стала для яго нечаканасьцю. Тым ня менш свае шанцы стаць дэпутатам Мельнікаў ацэньвае ня надта высока:

«Пяцьдзясят на пяцьдзясят — ня больш і ня менш. Тут пытаньне ў тым, ці прыйдуць выбарцы на ўчасткі. Мы, вядома, працуем у гэтым кірунку. Поўнасьцю ўсе сілы кінутыя на Навабеліцкую акругу. Кожны дзень і кожны вечар ідзе агітацыйная праца. Але гэта такая справа — не ад нас залежыць. Сапраўды, моцны канкурэнт быў, і мы лічылі гэтую акругу непрахадной для нас. Усё ж памочнік прэзыдэнта, самі разумееце».

Назіральнікі не выключаюць, што выбарцы могуць і не прагаласаваць за безальтэрнатыўнага кандыдата. Гэты варыянт, без сумневу, будзе даспадобы й уладам. Сам Мельнікаў не выключае і такі варыянт вынікаў галасаваньня:

«Другі варыянт. Можа так скласьціся, што большасьць выбарцаў будзе супраць».

Безумоўна, ёсьць і трэці варыянт разьвіцьця падзеяў у акрузе. Апошні кандыдат самастойна альбо пад прымусам здымаецца з выбараў — і ў акрузе прызначаюць паўторныя выбары,

Але кандыдат ад ЛДП здымацца не зьбіраецца:

«Не, мы будзем ісьці да канца — гэта сьвядомы выбар. Мы й раней наважаныя былі ісьці да канца, змагацца, нават калі акруга й непрахадная. У нас задача стаіць — папулярызацыя нашай партыі».

Дарэчы, Навабеліцкая акруга № 36 — не адзіная ў Гомелі, якая стала безальтэрнатыўнай. У Гомельскай-Сельмашаўскай выбарчай акрузе № 32 таксама адзін кандыдат — генэральны дырэктар ВА «Гомсельмаш» Валер Жмайлік. Ён застаўся адзіным пасьля таго, як у гэтай акрузе Партыя БНФ зьняла з выбараў свайго прадстаўніка. Розьніца толькі ў тым, што Валер Жмайлік — кандыдат ад улады, якога камісіі жадаюць бачыць дэпутатам.
XS
SM
MD
LG