Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра «Белзьнешпрамсэрвіс»: «Дзейнасьць такіх кампаній спыніць немагчыма»


Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супроць беларускага гандляра зброяй — дзяржаўнай кампаніі «Белзьнешпрамсэрвіс». Кампанію абвінавацілі ў пастаўках у Сырыю камплектуючых для авіябомбаў, якія ўжываліся пры бамбаваньні сірыйскага гораду Алепа, занятага паўстанцамі. Гэта ня першы выпадак, калі ЗША ўводзіць санкцыі супроць «Белзьнешпрамсэрвісу», згадваюць аглядальнікі.

Дзяржаўная кампанія «Белзьнешпрамсэрвіс», паводле ацэнкі незалежных экспэртаў, уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых экспартэраў зброі зь Беларусі. Спэцыялізуецца на экспартна-імпартных апэрацыях, распрацоўцы ваеннай тэхнікі і яе рамонце. З 2004 году ўжо двойчы трапляла ў цэнтар скандалаў з падазронымі пастаўкамі зброі і падпадала пад санкцыі ЗША. Гэтым разам Мінфін ЗША абвінаваціў «Белзьнешпрамсэрвіс» у пастаўках у Сырыю камплектуючых для авіябомбаў. Паводле амэрыканцаў, гэтыя авіябомбы сірыйская армія ўжывала ў ліпені, калі бамбардавала горад Алепа, які ўвесну апынуўся ў руках паўстанцаў. Баі за Алепа вядуцца дагэтуль, у іх гіне шмат мірнага насельніцтва.

«Распачатыя намі захады пакліканыя спыніць паток зброі і сыстэм сувязі кіроўнаму рэжыму Сырыі, а таксама прадухіліць іх выкарыстаньне супраць насельніцтва Сырыі», — заявіў намесьнік міністра фінансаў ЗША па барацьбе з тэрарызмам і фінансавай выведцы Дэвід Коэн.

У офісе «Белзьнешпрамсэрвіса» камэнтар наконт санкцыяў ЗША атрымаць пакуль не ўдалося:

«Ведаеце, гендырэктар у камандзіроўцы, а выканаўца ягоных абавязкаў у ад’езьдзе. Пакіньце тэлефон, з вамі абавязкова зьвяжуцца», — сказала сакратарка ў прыёмнай.

20 верасьня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, камэнтуючы на просьбу «Свабоды» ўвядзеньне санкцыяў супроць «Белзьнешпрамсэрвіса», сказаў, што абвінавачваньні амэрыканскага боку «ня маюць пад сабой глебы і не адпавядаюць рэчаіснасьці»:

«Гэта ня больш як спроба аказаць ціск на нашу краіну за адкрытую і прынцыповую пазыцыю на карысьць мірнага ўрэгуляваньня ўнутранага сірыйскага канфлікту», — заявіў Андрэй Савіных і запэўніў, што Беларусь у гандлі зброяй прытрымліваецца міжнародных пагадненьняў і рэзалюцыяў Рады Бясьпекі ААН.

Незалежны вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін заўважае, што рада Бясьпекі ААН не забараняла гандляваць зброяй з Сырыяй, бо не атрымала ў гэтым пытаньні кансэнсусу — Расея і Кітай заблякавалі такую прапанову. Паводле аглядальніка, для Беларусі пастаўкі зброі ў Сырыю — трывалы бізнэс:

Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

«Беларусь наўпрост не пастаўляе авіябомбаў, гэта нават паводле дадзеных саміх амэрыканцаў. Але я дапускаю, што ў папярэдні пэрыяд, калі Беларусь прадала Сырыі зьнішчальнікі-бамбавікі, у камплекце маглі быць і бомбы. Такія пастаўкі зафіксаваныя ў дакумэнтах ААН, яны адлюстраваныя ў дадзеных Стакгольмскага міжнароднага інстытуту праблем міру. Здаецца, больш за 20 зьнішчальнікаў „МІГ-23“ з рэзэрву беларускага войска прадалі Сырыі, бо такі самалёт — асноўны на ўзбраеньні сырыйскіх ВПС».

Паводле Стакгольмскага міжнароднага інстытуту дасьледаваньняў праблем міру (Stockholm International Peace Research Institute, SIPRI), Беларусь — адзін з галоўных пастаўшчыкоў зброі ў Сырыю. У 2007–2011 гадах, паводле швэдзкіх дасьледчыкаў, Беларусь стаяла на другім месцы ў гэтым сьпісе. Наперадзе была Расея, на трэцім месцы — Іран.

Швэдзкія дасьледчыкі ў сакавіцкай справаздачы адзначылі, што за гэты пэрыяд Сырыя ў 5 разоў павялічыла імпарт асноўных відаў зброі ў параўнаньні з папярэднімі пяцьцю гадамі. Гэтая зброя выкарыстоўвалася і для парушэньня правоў чалавека, лічаць у Стакгольмскім міжнародным інстытуце дасьледаваньняў праблем міру.

Што азначаюць санкцыі ЗША для кампаніі «Белзьнешпрамсэрвіс»? У заяве Мінфіну ЗША патлумачана, што заблякаваныя рахункі гэтай кампаніі ў банках ЗША, а амэрыканскім урадавым і камэрцыйным структурам забаронена мець кантакты зь «Белзьнешпрамсэрвісам». Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што санкцыі ўсё ж носяць хутчэй іміджавы характар:

«Яны ўмеюць маскавацца, дзейнічаць у абыход санкцыяў. Таму рэальна спыніць дзейнасьць такіх кампаніяў немагчыма. Тым больш, калі ўлічыць, што ёсьць попыт на іх паслугі. То бок гэта ўсё ж чыста іміджавая прапагандысцкая акцыя. Гэта, пэўна, ціск на рэжым».


З кампаніяй «Белзьнешпрамсэрвіс» былі зьвязаныя таксама крымінальныя скандалы. У 2004 годзе былы гендырэктар «Белзьнешпрамсэрвіса» Аляксандар Андрон быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Тэрмін зьняволеньня трэба было лічыць з 2003 году, калі Андрон быў арыштаваны. Нібыта ён быў датычны да махлярстваў з грашыма кампаніі і незаконнага праслухоўваньня іранскіх партнэраў. Паводле дадзеных Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, у жніўні 2012 году Аляксандра Андрона ў месцах зьняволеньня ўжо не было.
XS
SM
MD
LG