Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет «Ня быць скотам» каля Камароўкі


Ігар Драко

Ігар Драко

Кандыдат у дэпутаты Тацяна Караткевіч, якую падтрымлівае кампанія «Гавары праўду», правяла перадвыбарчы пікет каля Камароўскага рынку ў Менску.

Мінакам раздавалі ўлёткі з заклікам «Ня быць скотам!» і віншаваньне з «залатой» восеньню, калі выбарцаў чакае значнае павелічэньне цэнаў.

Выбарцам раздавалі ўлёткі, на якіх былі пазначаныя будучыя цэны на каўбасу, малако, алей і хлеб. Паводле сяброў каманды кандыдата ў дэпутаты Тацяны Караткевіч, да прыкладу, вараная каўбаса «Доктарская» будзе каштаваць больш за 184 тысячы рублёў, малако — больш за 19 тысяч, а хлеб — больш за 14 тысяч рублёў. У жыроўках, якія раздавалі падчас пікету, стаяла мінімальная квартплата, якая з пачаткам ацяпляльнага сезону будзе складаць больш за 350 тысяч рублёў. На ўлётках цытаваўся верш Янкі Купалы «Ня быць скотам!» Удзельнік пікету Ігар Драко сказаў, што гэта своеасаблівая падрыхтоўка выбарцаў да таго, што іх чакае:

«Трэба зьвяртаць увагу на тое, каго вы абіраеце ў парлямэнт. Калі вы абіраеце дэпутата, які насамрэч будзе адстойваць вашы інтарэсы, тады ў парлямэнце будуць прымацца такія законы, якія будуць адпавядаць інтарэсам грамадзянаў. Калі ж па-ранейшаму іх будуць прызначаць, то гэтыя дэпутаты, якіх прызначаюць, проста ня будуць абараняць інтарэсы грамадзян, як гэта было падчас дэвальвацыі ў мінулым годзе».


Падчас пікету было раздадзена каля двухсот улётак, чалавек дваццаць спыніліся, размаўлялі з кандыдатам у дэпутаты Тацянай Караткевіч. Тацяна так патлумачыла мэты гэтай акцыі:

«Гэта „залатая восень“ — цэны будуць падвышацца. Мы разьлічваем на тое, што ў людзей павінна зьявіцца грамадзянская адказнасьць за тое, каго яны абіраюць, каму давяраюць. Людзі павінны прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць гэты грамадзянскі ўчынак. На плошчу сёньня людзі ня пойдуць, бо ім страшна. Усё павінна было адбывацца каля гэтых выбарчых участкаў. Яны павінны выкарыстаць свой бюлетэнь. Народ — гэта ня быдла, і ён можа ўплываць і вырашаць, і ён годны таго, каб яго голас пачулі».

Да пікету падыходзілі пераважна пэнсіянэры. Вось як яны рэагавалі:

Бабуля: «Ну, будуць, і хрэн зь імі, з тымі цэнамі».

Карэспандэнт: «А ці пойдзеце вы на выбары?»
Гэтыя выбары мы сарвём, столькі грошай укладзём, а потым другія выбары? Не, ні храна

Бабуля: «Пайду, абавязкова. Гэтыя выбары мы сарвём, столькі грошай укладзём, а потым другія выбары? Не, ні храна. Мы пойдзем, прагаласуем, а там — як будзе. Як мы прывыклі, так і будзе. Мы прывыклі, каб для нас нічога не рабілі. Выжывем, ня гэта перажылі. А гэта для нас нуль бяз палачкі».

Спадарыня: «Начхаць мне на гэтыя выбары. Бо ўсё роўна праўды ня будзе ў гэтай няшчаснай Беларусі. Усім незадаволеная — зьверху данізу. Ну, не падабаецца мне наш рэжым. Таму што ніхто добра не размаўляе на беларускай мове».

Спадар: «Кіньце вы казкі казаць пра ўсіх дэпутатаў. Яны ўсе — каб ім толькі туды ўлезьці. А потым, як улезуць, то будуць слухаць аднаго. Усе яны аднолькавыя. Там ім трэба атрымаць заробак добры, і ўсё. Яны там слова ня скажуць, каго ні выбірай».

Карэспандэнт: «Дык вы галасаваць пойдзеце?»

Спадар: «Пайду, толькі ўсіх выкрасьлю. Таму што яны ўсё роўна бескарысныя. Трэба, каб была парлямэнцкая рэспубліка без прэзыдэнта. Вось тады будзе толк».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG