Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму на тле звышпрыбыткаў у нафтагазавай галіне ня толькі не зьнікае галеча, а наадварот — бездань паміж набліжанымі да «кармушкі» і астатняй часткай грамадзтва толькі пашыраецца?

Ці могуць сродкі масавай інфармацыі стаць рупарам барацьбітоў за празрыстасьць бізнэсу, на якім, як паказвае практыка, узбагачаюцца ня больш за 2–3% у той ці іншай краіне? На гэтыя пытаньні спрабавалі адказаць удзельнікі міжнароднай канфэрэнцыі «Нафта, газ і мэдыі», якая завяршае сваю працу ў Азэрбайджане.

Дыскусійная тэма завяршальнага дня форуму была акрэсьленая безапэляцыйна: «Калі мая краіна багатая нафтай, то чаму тады такі бедны я?» Як і чакалася, самы актыўны ўдзел у абмеркаваньні ўзялі прадстаўнікі Афрыкі, зь нетраў якой «чорнае золата» льецца ў кішэні транснацыянальных кампаніяў і карумпаваных урадаў, абмінаючы мясцовае насельніцтва. Тыповую карціну намаляваў карэспандэнт газэты «New Vision» з Уганды Джо Нам:


Джо Нам (Уганда) і Аіда Султанава (Азэрбайджан)

Джо Нам (Уганда) і Аіда Султанава (Азэрбайджан)

«1 мільярд барэляў нафты вырабляецца ў маёй краіны, але я — бедны. Уганда багатая на вуглевадароды, аднак у падзеле прыбыткаў відавочны ўхіл у бок нафтавых кампаніяў і ўраду. Чаму так адбываецца? Таму што яны ў змове! Роля СМІ палягае якраз у тым, каб займацца захаваньнем раўнавагі гэтага працэсу, хоць ва ўмовах карупцыі, якая праела ўсе паверхі ўлады, рабіць гэта надзвычай цяжка. У маёй дзяржаве амаль 40% насельніцтва жыве на 1,25 даляра ў дзень. Спадзяваньні на пераразьмеркаваньне ў агляднай будучыні нафтавых рэсурсаў падрывае давер людзей да кіраўнікоў, якія ня здольныя рэалізаваць нейкія станоўчыя пераўтварэньні ў інтарэсах уласнага ж народу».

Зь непразрыстасьцю ў нафтагазавым бізнэсе сутыкаюцца практычна паўсюль. Шмат нараканьняў чуваць і на адрас гаспадароў імпрэзы. Нямецкі журналіст Юрген Рот спэцыялізуецца на выкрыцьці карупцыйных схемаў у нямецкіх палітычных колах, якія лабіруюць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток», атрымліваючы шматмільённыя адкаты ад расейскага «Газпраму», якім асабіста апякуецца кіраўнік Расеі Ўладзімер Пуцін. У Азэрбайджане, сьцьвярджае аналітык, нафтавыя прыбыткі сям’і і бліжэйшага атачэньня дзейнага прэзыдэнта Ільхама Аліева таксама складаюць вялізарныя сумы, якія, аднак, публічна не агучваюцца:

Юрген Рот (Нямеччына)

Юрген Рот (Нямеччына)

«Ад Міжнароднага інстытуту прэсы, ад Amnesty International, ад амбасадаў мы ведаем, што ў Азэрбайджане няма свабоды прэсы. Магчыма, крыніцы ў чымсьці і памыляюцца, але пра гэта сьведчаць самі факты. Бо калі існуе празрыстасьць у нафтавай і газавай сфэрах, у чым запэўнівае афіцыйны бок, то чаму тады ўзьнікаюць праблемы са свабодай слова? Ніводная газэта, ніводзін тэлеканал у Азэрбайджане не паведамляе, як сям’я Аліевых удзельнічае ў нафтагазавым бізнэсе. Усё старанна хаваецца, хоць пры гэтым усе здагадваюцца, што гаворка пра велізарныя грошы. Дык вось, калі ў краіне мае месца так званая транспарэнтнасьць, чаму тады так упарта хаваецца інфармацыя пра ўдзел Аліевых у падзеле нафтавых і газавых дывідэндаў?»

У гэтым сэнсе сытуацыя вельмі нагадвае беларускую, дзе інфармацыя пра ўдзел сваякоў і іншых асобаў, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі, у бізнэс-праектах таксама прыроўненая да дзяржаўнай таямніцы.

Тым часам у кулюарах форуму можна было пачуць, што шараговыя азэрбайджанцы шмат што даруюць вышэйшаму кіраўніцтву, бо ня так мала перападае і ім. Перадусім зьвяртаюць увагу, як за апошняе дзесяцігодзьдзе да непазнавальнасьці зьмяніўся ня толькі Баку, але і іншыя гарады. Пабудаваныя дарогі, узьведзеныя масты, як на дражджах растуць жылыя дамы, фармуецца сталічны дзелавы раён з абавязковымі хмарачосамі. Асаблівага імпэту ў добраўпарадкаваньні ня самай прывабнай некалі нават па савецкіх мерках сталіцы дадаў сьпеўны конкурс «Эўрабачаньне-2012», да якога на манер краінаў Пэрсыдзкай затокі ў моры насыпалі штучную выспу і на ёй збудавалі канцэртную залю. А пад гарадзкія таксі закупілі і прыстасавалі славутыя лёнданскія кэбы.






Галоўны рэдактар агенцтва «Azerpress» Аіда Султанава ўдакладняе: толькі ў Дзяржаўным нафтавым фондзе Азэрбайджану акумуляваны стратэгічны запас у памеры 33 мільярды даляраў (на момант яго стварэньня ў 1999-м было 270 мільёнаў), што дазваляе рэалізоўваць самыя амбітныя задумы:

«Паступаюць вялізныя сродкі. І калі мы вернемся да сытуацыі, якая была раней — напрыклад, яшчэ 10 гадоў таму, — то тады нават паводле афіцыйных дадзеных узровень беднасьці ў нашай краіне складаў 49%. Зараз, згодна з тымі ж афіцыйнымі зьвесткамі, узровень беднасьці складае ўсяго 7%. Цяпер Азэрбайджан — гэта ня толькі краіна, у якой рэалізуюцца буйныя праекты ў нафтавай сфэры ці ў сфэры разьвіцьця інфраструктуры. У Азэрбайджану досыць вялікія, амбітныя пляны наконт скарэньня рынкаў іншых дзяржаў — перадусім маецца на ўвазе набыцьцё значных актываў за межамі. Калі яшчэ нядаўна Азэрбайджан быў краінай, якая мела патрэбу ў інвэстыцыях, то цяпер Азэрбайджан — краіна, якая сама прапануе інвэстыцыі, вывучае інвэстыцыйныя рынкі іншых рэгіёнаў сьвету».

Экспэрты выказваюць сумнеў, што сытуацыя з галоснасьцю ў нафтагазавым бізнэсе, які, як яшчэ кажуць, любіць цішыню, можа кардынальным чынам зьмяніцца. Занадта шмат на гэтым рынку гульцоў, не зацікаўленых у афішаваньні сваёй дзейнасьці і сваіх звышпрыбыткаў.



Арэну «Эўрабачаньня-2012» інтэгравалі ў мора.


На вулічнай агітцы Аліевы заўсёды побач. Хто ж кіруе краінай?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG