Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: калі столькі хлусьні, удзельнічаць у гэтым непрыстойна


У Беларусі працягваецца датэрміновае галасаваньне на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Як ставяцца да гэтых выбараў вядомыя ў Беларусі асобы, чым яны будуць займацца 23 верасьня?

У Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне на выбарах, а кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў гэты час адпачывае ў Сочы. Ніякіх падрабязнасьцяў пра гэты адпачынак не падаецца. Вядома толькі, што 15 верасьня падчас сустрэчы прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін выказаў спадзяваньне, што Лукашэнка «з задавальненьнем правядзе ў Сочы некалькі дзён». Прэзыдэнцкая прэс-служба ўдакладніла, што Пуцін запрасіў Лукашэнку на адпачынак, аднак ці гэты адпачынак кіраўнік Беларусі праводзіць у летняй рэзыдэнцыі расейскага прэзыдэнта Бачароў Ручэй ці ў іншым месцы, не паведамляецца. Кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павал Лёгкі таксама не паведаміў, ці адпачывае разам з Аляксандрам Лукашэнкам ягоны малодшы сын Мікалай. Аднак 23 верасьня кіраўнік краіны зьбіраецца галасаваць у Беларусі, сказаў Павал Лёгкі:

«Не перажывайце, на гэтым тыдні ў нас плянуюцца мерапрыемствы з удзелам кіраўніка краіны тут у Беларусі. У нас і „Дажынкі“ наперадзе і галасаваньне. Адпачынак прэзыдэнта, дзе ён яго праводзіць, як ён яго праводзіць, гэта ўжо не кампэтэнцыя кіраўніка прэс-службы».

Былы старшыня Савету Рэспублікі, акадэмік Аляксандар Вайтовіч сказаў, што 23 верасьня ён пры добрым надвор’і паедзе на лецішча зьбіраць яблыкі, а пры дрэнным — будзе займацца сваёй навуковай працай.

​«Не пайду я галасаваць, бо там няма выбараў, а ёсьць такое прызначэньне. Сяргей Калякін некалькі гадоў таму апавясьціў, што на такіх выбарчых участках галасаваньне будзе такое і сказаў колькі працэнтаў за кожнага кандыдата. Сказаў гэта за два дні да выбараў. Адбыліся выбары, дык аказалася, што з дакладнасьцю да дзесятай працэнта ўсё супала. А Калякін узяў гэтыя лічбы з тых абавязковых дадзеных, якія спусьцілі на выбарчыя ўчасткі. То бок выбараў не было, а напісалі тое, што спусьцілі зьверху. А потым яшчэ і кіраўнік краіны таксама сказаў, што пішуць вынікі, якія ён загадвае. Значыць, выбараў няма. Ну дык чаго хадзіць туды, дзе адбываецца не дзея, а толькі нейкая імітацыя. Я не пайду».

Пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч сказала, што хаця і будзе ў дзень выбараў у Беларусі, але галасаваць ня пойдзе, бо лічыць, што адбываецца чарговае палітычнае шоў. Сьвятлана будзе працаваць над новай кнігай «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека».

«У тых абставінах, пры той уладзе якая ў нас, усё гэта ілжыва, непрыстойна. Мы па вялікім рахунку ня ведаем, што адбываецца ў краіне, якія сілы, якія людзі насамрэч карыстаюцца даверам, насамрэч могуць нешта зрабіць. Гэта ўсё свавольства, усеўладзьдзе такое. Мы жывём у краіне нічога пра яе ня ведаючы. А ісьці яшчэ раз гэта памнажаць — навошта? Калі сядзяць палітвязьні, калі людзям, якія вылучаюцца, не даюць слова, калі столькі падману, хлусьні, удзельнічаць у гэтым проста непрыстойна. Мы ўсе апынуліся ў пастцы. З аднаго боку, трэба нешта рабіць, а з другога боку, поўнае бясьсільле і немагчымасьць нешта рабіць. Я бачу, што ўсе паралізаваны. Гэта ўжо не страх як такі, а гэта поўнае адчуваньне свайго бясьсільля, бездапаможнасьці. І амаль адчай. Ён ва ўсіх — і ў тых, хто езьдзіць на джыпе і ў тых, хто цягне ад заробку да заробку. Гэта нейкі агульны адчай таго, што мы выпадаем з часу. Поўнае нейкае палітычнае і чалавечае бяспраўе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG