Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Францыі заступіўся за свабоду прэсы і карыкатуры


Прэм’ер-міністар Францыі Жан-Марк Эйро заявіў, што ў ягонай краіне шануюць свабоду слова і прэсы, якая вольная выказваць сваё меркаваньне і праз карыкатуру. Эйро сказаў пра гэта ў часе выступу сёньня ў Парыжы на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды зьяўленьня карыкатур на прарока Мухамада ў папулярным сатырычным тыднёвіку «Charlie Hebdo».

Такую самую пазыцыю выказаў міністар унутраных справаў Францыі Мануэль Вальс, які адзначыў, што свабода слова — адно з асноўных правоў чалавека, якое абараняе закон краіны.

Галоўны рэдактар выданьня, мастак-карыкатурыст Стэфан Шарбанье сказаў:

«Можа стварыцца ўражаньне, што калі „Шарлі Эбдо“ крытыкуе крайне правых каталікоў — усё нармальна. Але ніхто, як выглядае, ня мае права высьмейваць ісламскіх фундамэнталістаў. Гэта — нейкае новае правіла, відавочна, але мы ня будзем яго прытрымлівацца».

Рэдакцыя «Charlie Hebdo» не хавае, што карыкатуры надрукаваныя ў сувязі зь цяперашнімі падзеямі вакол відэафільму «Нявіннасьць мусульманаў», зробленага ў ЗША, які мусульмане палічылі абразай.

Улады Францыі забаранілі акцыі пратэсту ў краіне у сувязі з гэтым фільмам.

Тым часам у мусульманскіх краінах пратэсты супраць фільму з сатырай на прарока Мухамада працягваюцца.

Сотні студэнтаў сёньня ў Джалалабадзе на ўсходзе Аўганістану правялі дэманстрацыю і блякавалі галоўную дарогу на Кабул. Пратэстоўцы выкрыквалі антыамэрыканскія лёзунгі і спальвалі фотаздымкі лідэраў заходніх краінаў.

Цягам тыдня падчас пратэстаў загінулі як найменей 28 чалавек.
XS
SM
MD
LG