Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навуковец у галіне раньняга хрысьціянства з Гарвардскай школы багаслоў’я прадставіў кавалак папірусу, які утрымлівае фразу «Ісус сказаў ім: Мая жонка...».

Фраза напісаная на копцкай мове ў чацьвёртым стагодзьдзі на папірусе, які памерам меншы за візытоўку — яе, гэтай фразы, няма ў Сьвятым Пісаньні. Ніжэй за радок пра Ісуса яшчэ адзін, які прачытаны як «яна здолее быць маім вучнем», паведамляе The New York Times.

Гэтае адкрыцьцё прадставіла ў аўторак у Рыме на Міжнароднай канфэрэнцыі копцкіх дасьледаваньняў Карэн Кінг, якая апублікавала некалькі кніг па гісторыі Эвангельля.

Паходжаньне папірусу застаецца загадкай, ягоны ўладальнік пажадаў застацца неназваным. Тыя адмыслоўцы ў галіне папірусаў і копцкай мовы, якія бачылі папірус, лічаць, што гэта, хутчэй за ўсё, не падробка. Але Карэн Кінг кажа, што неабходныя далейшыя дасьледаваньні.

Натуральна, гэтая знаходка можа зноў распаліць дыскусію — ці быў Ісус Хрыстос жанаты, ці была, у гэтым выпадку, ягонай жонкай Марыя Магдалена і ці меў ён вучаніцу. Гэтыя дэбаты ідуць не адно стагодзьдзе — але яны набываюць актуальнасьць сёньня, калі хрысьціянскі сьвет абмяркоўвае праблему месца жанчынаў у царкоўным служэньні. Дыскусія асабліва вострая ў рыма-каталіцкай царкве, дзе, нягледзячы на заклікі да пераменаў, Ватыкан пацьвярджае тое, што сьвятарства ня можа быць дазволенае жанчынам і жанатым мужчынам — бо гэта супярэчыць практыцы, усталяванай Ісусам Хрыстом.

Цяперашняя знаходка можа ўспрымацца пацьвярджэньнем вэрсіі, што Хрыстос быў жанаты.

Пра тое, што ў Ісуса была жонка, гаворыцца ў кнізе Дэна Браўна «Код да Вінчы» і аднайменным фільме, але доктар Кінг кажа, што яе дасьледаваньне ня мае нічога агульнага з тэорыяй аўтара бэстсэлера.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG