Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2012: галасаваньне пад кантролем


Сёньня — другі дзень датэрміновага галасаваньня. Рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды» паведамляюць, што ў шэрагу выпадкаў людзей прымушаюць ісьці галасаваць дачасна.

Да прыкладу, у Віцебску стаяць чэргі на ўчастках, дзе галасуюць студэнты. Рэкорды б’е мэдычны ўнівэрсытэт: там на двух участках у першы ж дзень датэрмінова прагаласавалі 266 і 268 чалавек. Падобная сытуацыя і ў Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце.

Вось што паведаміў «Свабодзе» праваабаронца Павал Левінаў, якога давялося засьпець на ўчастку № 19 Віцебскай Горкаўскай акругі:

Павал Левінаў

Павал Левінаў

«Гэты ўчастак месьціцца ў будынку ўнівэрсытэту. Тут стаіць чарга. За ўчорашні дзень прагаласавалі 86 чалавек, сёньня да абеду — каля 60. У гутарках са студэнтамі высьветлілася, што ў суботу ім паабяцалі зрабіць выходны дзень».

Галасаваньне пад кантролем: прыводзяць з інтэрнату й загадзя папярэджваюць, за каго паставіць «птушачку»...

Факты парушэньня выбарчага заканадаўства зафіксаваў на 48 участку Віцебскай Кастрычніцкай акругі Вадзім Кузьмін. Паводле ягоных словаў, студэнткі ліцэю, дзе месьціцца ўчастак, ідуць галасаваць пад кантролем — іх прыводзяць з інтэрнату, загадзя папярэдзіўшы, за каго трэба ставіць «птушачку».

Як толькі гэтая інфармацыя зьявілася на праваабарончых сайтах, дзяўчат выклікалі на ўчастак паўторна, паведаміў Вадзім Кузьмін:

«Старшыня камісіі Тацяна Трушаніна адразу ператварылася са старшыні ў дырэктара ліцэю і ў маёй прысутнасьці дапытала дзяўчат, што я, такі нехарошы чалавек, ім гаварыў. Потым рассадзіла іх тут жа за сталы, дзе знаходзіліся бюлетэні, сьпісы выбарцаў, і загадала пісаць тлумачэньні. Выбарчы ўчастак прыпыніў працу і ператварыўся ў кабінэт дырэктара. Я зноў напісаў скаргу, што гэта парушэньне. Яна зразумела, што зрабіла глупства, загадала вынесьці стол у калідор, загарадзіўшы праход на выбарчы ўчастак».

Участак, кажа назіральнік, не працаваў каля дзьвюх гадзін. Тым часам да яго самога прыехалі чыноўнікі з гарвыканкаму:

Ультыматум назіральніку: «Напішыце абвяржэньне, а то, верагодна, адна зь дзяўчат напіша скаргу, што вы яе згвалцілі...»

«Прыбыў Дзяніс Глуткін, кіраўнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму. Мы размаўлялі ў калідоры, і мне прапанавалі: „Вадзім Мікалаевіч, вы „зорка інтэрнэту“, прапануем вам напісаць абвяржэньне і забраць скаргі“. Я адмовіўся. Тады мне сказалі:» Ну, тады, верагодна, адна зь дзяўчат напіша скаргу, што вы яе згвалцілі!" Кажу: «Ну што ж, гэта ў вашых сілах».

Пра гэтую пагрозу назіральнік Вадзім Кузьмін падаў скаргу ў пракуратуру Кастрычніцкага раёну.

На Гарадзеншчыне дэмакратычны актывіст Алег Рамашкевіч цяпер як назіральнік ад Беларускага Хэльсынскага камітэту сочыць за падзеямі на першым участку ў Вялікай Бераставіцы, які ўваходзіць у склад Мастоўскай выбарчай акругі № 56. Менавіта тут перад датэрміновым галасаваньнем сваю кандыдатуру зьняў Віктар Марчык з партыі БНФ. У выніку праўладны кандыдат застаўся адзін. Гэта Анатоль Коханаў, старшыня сельскагаспадарчага каапэратыву. Падрабязьней — карэспандэнт"Свабоды«.

Алег Рамашкевіч распавёў пра датэрміновае галасаваньне на сваім участку ў Вялікай Бераставіцы:

Алег Рамашкевіч

Алег Рамашкевіч

«Дынаміка такая: многа прыходзіць тых, хто працуе ў бюджэтных арганізацыях. Нават пэнсіянэраў менш прыходзіць. Гарадзкі пасёлак невялікі, я ведаю, што яны працуюць у школе, у вучэльні, у шпіталі, міліцыі, памежных войсках, людзі ў форме часам прыходзяць. Усе, хто зьвязаны зь бюджэтнай формай існаваньня».

Алег Рамашкевіч дадае:

«Я зрабіў толькі заўвагу, што няўдала выбрана памяшканьне для датэрміновага галасаваньня: шмат людзей ходзіць па вытворчых справах. Гэта прыёмная дырэктара прафэсійна-тэхнічнага ліцэю».

Датэрмінова прагаласавалі ўжо 46 міліцыянтаў

Прадстаўнік БХК Раман Юргель назірае за выбарамі ў 49-й Гарадзенскай Занёманскай акрузе. Яго ўражаньні ад пачатку датэрміновага галасаваньня:

Раман Юргель

Раман Юргель

«На 29-м участку прагаласавала шмат міліцыянтаў, сорак шэсьць чалавек. Там дамы, пабудаваныя для іх, і міліцыянты, як правіла, першымі галасуюць. А ёсьць участак побач, 26-ы, дзе прагаласавала ўсяго сем чалавек».

Назіральніцу зарэгістравалі са скандалам

У Горадні не жадалі рэгістраваць назіральніцай ад АГП Алену Ксендз на той падставе, што яна не належыць да партыі. Незалежны назіральнік Уладзімер Хільмановіч:

«Гэта здарылася на 15-м участку Гарадзенскай Цэнтральнай акругі, які знаходзіцца ва ўнівэрсытэце. Скончылася тым, што камісія пачала потым кансультавацца з ЦВК і атрымала жорсткія інструкцыі зарэгістраваць».

Старшыня Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі АГП Аляксандра Васілевіч удакладніла:

«Яе зарэгістравалі на іншым участку па тых жа дакумэнтах. Таму што на пятнаццатым участку яе так зашугалі, што дзяўчына баіцца туды ісьці назіраць».

На Меншчыне кандыдат па Слуцкай выбарчай акрузе 51-гадовы вясковы прадпрымальнік Аляксандар Шыловіч заяўляе, што гэтыя выбары «пройдзе да апошняга дня». Хоць і сутыкаецца з перашкодамі з боку ўлады. Зараз ён змушаны быў зьвярнуцца з заявай у Слуцкі раённы аддзел унутраных спраў.

Сваю агітацыйную кампанію незалежны кандыдат Аляксандар Шыловіч зь вёскі Падбярэскія Агароднікі на Случчыне працягвае на сустрэчах з тутэйшымі выбарцамі. Пасьля адной з апошніх сустрэчаў зьвярнуўся ў Слуцкі райаддзел міліцыі са скаргай на аднавяскоўца Ўладзімера Пратасеню. Пра сутнасьць канфлікту кажа Аляксандар Шыловіч:

«Уладзімер Пратасеня займаецца ўжыванымі аўтамабілямі, раней мы разам працавалі ў адным каапэратыве. Але як я сышоў, то гэты каапэратыў разваліўся. Таму пакрыўджаны ён на мяне. Нават зайздросьціць. Цяпер гэты чалавек набліжаны да Слуцкага райвыканкаму й імкнецца нас падставіць...»

У сваю чаргу праваабаронца са Слуцка Віталь Амяльковіч лічыць, што прыватны канфлікт незалежнага кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Шыловіча выкарыстоўвае цяпер праўладны кандыдат — дзейны дэпутат Нацыянальнага сходу Інэса Кляшчук. Віталь Амяльковіч сьведчыць:

«Сапраўды, гэта спачатку была прыватная справа. І зараз адчуваецца, што Пратасевіч й Шыловіч —гэта асабістыя „ворагі“, але, ведаеце, падчас адной з сустрэчаў я бачыў й чуў, што каманда Інэсы Кляшчук пачала ў пэўнай ступені выкарыстоўваць пытаньні й асобу Пратасені, каб, як кажуць, лішні раз паддзець. Гэта проста відавочна адчувалася і пытаньні былі адпаведныя. То бок я мяркую, што супернік кандыдата Шыловіча і яе каманда пачалі выкарыстоўваць варожыя стасункі у сваіх мэтах...» Паведаміў праваабаронца са Слуцака Віталь Амяльковіч.

Запытваю ў Аляксандра Шыловіча пра іншыя адметнасьці гэтай выбарчай кампаніі.

«Супрацоўнікі міліцыі зрываюць мае агітацыйныя ўлёткі...»

«Ёсьць, вядома, непрыемнасьці! Да прыкладу, дырэктар „Слуцакгандлю“ аддае вусныя распараджэньні, каб у мясцовых крамах ня бралі мае агітацыйныя ўлёткі. Супрацоўнікі міліцыі іх зрываюць...»

Карэспандэнт: «Вы адчулі, што вы — непажаданы кандыдат для ўлады?»

«Вядома! Але што зробіш? Я прызвычаіўся! Буду змагацца надалей. У апошні тыдзень агітацыі нарастае супраціў. Нават на маіх былых аднаклясьнікаў пачынаюць ціснуць».
XS
SM
MD
LG