Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед аўтараў кнігі «Гродназнаўства» працягваецца


Выкладчыкаў гістфаку Гарадзенскага ўнівэрсітэту Сьвятлану Марозаву і Вячаслава Шведа, якія ўдзельнічалі ў напісаньні выдадзенай у Польшчы кнігі «Гродназнаўства» з сэрыі «Гарадзенская бібліятэка», сёньня выклікалі да першага прарэктара Сьвятланы Агіявец. Паводле паведамленьняў у Фэйсбуку, абодвум забаранілі чытаць лекцыі звыш прафэсарскай стаўкі, што дадавала да іхнага асноўнага заробку блізу мільёна рублёў. Самі гісторыкі на гэтую тэму гаварыць адмаўляюцца.

Праблемы ў аўтараў «Гродназнаўства» пачаліся на мінулым тыдні. У інтэрнэце зьявілася інфармацыя, што з унівэрсытэту звольнены адзін з аўтараў — выкладчык Андрэй Чарнякевіч. Сам Чарнякевіч больш за тыдзень у шпіталі і кажа, што пакуль ня бачыў загаду аб звальненьні.

Марозава і Швед не адмаўлялі, што іх выклікалі да прарэктара ўнівэрсытэту, але казаць, пра што ішла гутарка, адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што надалей хочуць працаваць ва ўнівэрсытэце.

Гарадзенскі прафэсар гісторыі Алесь Краўцэвіч, да лукашэнкаўскага часу — першы прарэктар унівэрсытэту імя Янкі Купалы, зараз выкладае ў адной з польскіх ВНУ. Ён кажа, што з разуменьнем ставіцца да паводзінаў калегаў-гісторыкаў, але ня можа ніяк зразумець — навошта ўлады іх перасьледуюць?

Паводле Краўцэвіча, падобная кніга тых самых аўтараў пра гродназнаўства выйшла і ў гарадзенскім унівэрсытэце. Адрозьненьне гэтых выданьняў, паводле Краўцэвіча, перш за ўсё ў тым, што ўнівэрсытэцкая кніга без ілюстрацыяў і не настолькі прывабная. Але абедзьве, на думку Краўцэвіча, моцна саветызаваныя і маюць шмат хібаў.

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч
Краўцэвіч: «Адзіная розьніца ў тым, што ў гэтай кнізе больш сьцісла і дакладна пададзены матэрыял. Бо ва ўнівэрсытэцкай наагул нічога не напісана пра Акт незалежнасьці Беларусі, там адсутнічае матэрыял пра нацыянальныя сымбалі. Гаворыцца выключна пра грамадзкае жыцьцё».

Больш за тое, Краўцэвіч дадае, што кнігу прынялі ў горадзе, былі нават афіцыйныя прэзэнтацыі, прагучалі рэпартажы на дзяржаўным тэлебачаньні, яе можна было набыць у крамах. Вось што думае гісторык пра перасьлед ягоных калегаў.

Краўцэвіч: «Першая прычына — тое, што кніга папулярная сярод гарадзенцаў, мела посьпех. А даўняя бальшавіцкая тактыка — адсякаць усё, што мае ўплыў на масы. Афіцыйная навука — гісторыкі-прапагандысты — нічога блізкага напісаць і стварыць не змагла. І другая прычына — парлямэнцкія выбары. Трэба дэманстраваць, што тут усё пад кантролем».

Адзін з заснавальнікаў «Гарадзенскай бібліятэкі», сэрыі, у якой выйшла кніга «Гродназнаўства», Павал Мажэйка лічыць, што перасьледуюць аўтараў толькі з палітычных матываў.

Павал Мажэйка
Павал Мажэйка
Мажэйка: «Гэтая кніга паказвае сапраўдную гісторыю Горадні, якая, паводле сёньняшніх ідэолягаў, не ўкладаецца ў афіцыйную ідэалёгію. Яшчэ яна паказвае, што на гістфаку працуюць людзі, якія сапраўды дасьледуюць, ведаюць і пішуць пра гісторыю гораду, якой яна ёсьць, без усялякіх ідэалягічных шораў».

Кніга-падручнік «Гродназнаўства» напісаная вядомымі гарадзенскімі гісторыкамі і краязнаўцамі. У ёй зьмешчаныя 38 параграфаў пра тысячагадовую гісторыю гораду. Яна выдадзена на сучаснай крэйдавай паперы з шматлікімі каляровымі ілюстрацыямі, некаторыя зь якіх публікуюцца ўпершыню. Аўтары — Алесь Госьцеў, Аляксандар Дабрыян, Віталь Карнялюк, Сьвятлана Марозава, Андрэй Чарнякевіч, Вячаслаў Швед.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG