Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі ў Менску выкрылі «выбарчую карусэль»


Паводле афіцыйных зьвестак, у першы дзень датэрміновага галасаваньня ўдзел у выбарах узялі 3 адсоткі грамадзян, унесеных у сьпісы. На думку назіральнікаў, гэтая лічба дасягнутая дзякуючы прымусоваму датэрміноваму галасаваньню і іншым выбарчым маніпуляцыям. У 101-й менскай акрузе назіральнікі заявілі, што выкрылі так званую «выбарчую карусэль».

Аляксандар Марчанка, назіральнік на 367 участку ў 101-й менскай выбарчай акрузе, падвечар першага дня датэрміновага галасаваньня зафіксаваў незвычайную актыўнасьць выбарцаў:

«Паваліў натоўп людзей, маладзіц гадоў пад 30. Уражаньне такое, нібыта ў нейкай навучальнай установе адмянілі заняткі і ўсе кінуліся ў гардэроб. Іх прывезьлі на аўтобусе, чалавек сто».

Паводле спадара Марчанкі, куратар гэтай групы рабіла адзнакі ў пашпартах. Калі ж ён папрасіў паказаць пашпарты, жанчыны адмовіліся паказаць штампы з прапіскай і хутка пакінулі памяшканьне.

Назіральнік з суседняга ўчастку Зьміцер Прэдка пайшоў за імі на вуліцу і пазьней заўважыў, як гэтая група стройнай калёнай пайшла да наступнай школы. Зьміцер перакананы:

«Мы ня ведаем, якім чынам яны былі арганізаваныя, але мы бачылі натоўп выбарцаў у адзін і той жа час. Гэта была карусэль, мы яе, у прынцыпе, дакладна зафіксавалі. Яны дрэнна гулялі, насамрэч. Рабілі выгляд, што яны сход каапэратыву, абмяркоўвалі быццам бы фінансавыя пытаньні і патрабавалі ад мяне, каб я сышоў».

Назіральнікі зьвярнулі ўвагу кіраўнікоў выбарчых камісіяў на дзіўныя групы выбарцаў, кажа Зьміцер Прэдка:
Камісіі ведаюць, што мы зафіксавалі гэтую карусэль. Яны павінны спалохацца, прынамсі на нашых участках

«Камісіі ведаюць, што мы зафіксавалі гэтую карусэль. Яны павінны спалохацца, прынамсі на нашых участках. Але гэта можа паўтарыцца на іншых. Таму хацелася б папярэдзіць».

Як кажа адзін зь лідэраў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алег Гулак, маніпуляцыя пад назвай «карусэль», калі групы людзей у аўтобусах езьдзяць па розных участках і галасуюць, была дагэтуль больш характэрная для Расеі і Ўкраіны, дзе падлік галасоў досыць сумленны і ўлады шукаюць мэтады фальсыфікацыяў:

«На Беларусі гэта актыўна не прымянялася, хоць нельга выключыць, што ў асобных акругах, у асобных мясьцінах такая тэхналёгія таксама будзе скарыстаная. Тым больш, улічваючы, што з выбарчымі сьпісамі такая каша, а ўладам патрэбная яўка».

Прадстаўнік руху «За свабоду» Юрась Меляшкевіч, які арганізоўвае назіраньне па 101-й менскай акрузе, кажа, што падобная актыўнасьць ужо назіралася на розных участках:

«На жаль, пакуль спраўдзіць, ці адны і тыя ж людзі там зьяўляліся, мы ня можам. У нас няма тэхнічных сродкаў для фіксацыі, ды й забаронена фатаграфаваць на ўчастках. У нас ужо былі канфлікты са старшынямі камісій з гэтай нагоды. Але фізычна мы гэта забясьпечылі, бачылі гэтыя арганізаваныя групы».

Апрача таго, як кажа спадар Меляшкевіч, назіральнікі ў 101-й акрузе заяўляюць пра перашкоды іхнай працы, кажуць, што іх адсоўваюць у самы кут, пазбаўляюць крэслаў, не даюць пазнаёміцца са сьпісамі, каб спраўдзіць, ці ня зьменшаная там колькасьць выбарцаў.

Той жа Зьміцер Прэдка перакананы, што на ягоным участку сьпісы выбарцаў скарочаныя:

«Вельмі радыкальна, амаль што ў два разы, паводле маіх падлікаў. На 1218 кватэр тут 1109 выбарцаў. Мне старшыня камісіі патлумачыў гэта тым, што быццам бы шмат расейцаў на ўчастку жыве».

Праваабаронца Але Гулак заяўляе, што спраўдзіць заніжэньне колькасьці выбарцаў складана, бо сьпісы закрытыя ад назіральнікаў, дый у прынцыпе няма адзіных сьпісаў нават па ўчастках, а ня тое што па ўсёй краіне, як павінна было б быць.
XS
SM
MD
LG