Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За «пераапрананьне ў Лукашэнку» — 7 сутак арышту


Віцебскага прыхільніка БХД Яўгена Гуцалава асудзілі на 7 сутак арышту за несанкцыянаваны пікет. Ён заклікаў да байкоту, надзеўшы маску з выявай твару Лукашэнкі.

Справу разглядала судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская. Яўген Гуцалаў не адмаўляў, што такім чынам выказваў сваё стаўленьне да ўдзелу ў выбарах, — апавёў прысутны на судзе актывіст Пётар Іваноў.

Адным з доказаў правапарушэньня сталі фатаздымкі http://bchd.info/index.php?newsid=7047 , разьмешчаныя на сайце БХД. На адным зь іх відаць унікальная татуіроўка на руцэ актывіста. Да таго ж ягоныя дзеяньні зафіксавалі відэакамэры, бо з плякатам «Байкот парлямэнцкім выбарам 2012» і з «тварам» Аляксандра Лукашэнкі хлопец фатаграфаваўся ў цэнтры Віцебску — на вуліцы Леніна і каля аблвыканкаму.

Сем сутак арышту Яўген Гуцалаў мусіць адбыць у ізалятары часовага ўтрыманьня. Адны суткі ўжо залічаныя ў тэрмін пакараньня, бо затрымалі актывіста яшчэ ўчора, 18 верасьня.

Затрыманьне адбылося на ўчастку № 71 Віцебскай-Кастрычніцкай выбарчай акругі, дзе Яўген Гуцалаў быў назіральнікам.

За заклікі да байкоту хлопца асудзілі ўжо другі раз. 4 ліпеня тая самая судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская двойчы аштрафавала Яўгена Гуцалава, затрыманага за распаўсюд улётак. Штраф памерам 3 базавыя велічыні ён атрымаў нібыта за брыдкаслоўе. За тое, што падчас затрыманьня ён нібыта не падпарадкаваўся патрабаваньням ахоўнікаў правапарадку, яго пакаралі штрафам у 21 базавую велічыню. Агульная сума штрафу склала тады 24 «мінімалкі» — 2,4 мільёна рублёў.
XS
SM
MD
LG