Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непажаданыя турысты


Замежнікі бавілі час ля аддзелу грамадзянства і міграцыі, фатаграфуючыся на памяць ля ўваходу

Замежнікі бавілі час ля аддзелу грамадзянства і міграцыі, фатаграфуючыся на памяць ля ўваходу

19 верасьня Ленінскі аддзел грамадзянства і міграцыі Магілёва скараціў тэрмін знаходжаньня ў Беларусі пецярым замежнікам, якіх затрымалі 18 верасьня падчас сустрэчы з грамадзкімі актывістамі гораду.

Грамадзянам ЗША, Нямеччыны, Нідэрляндаў ды Аўстрыі выставілі абвінавачваньне, што мэта іх знаходжаньня ў краіне не адпавядае заяўленай у візе. Усе пяцёра да 24 гадзіны 20 верасьня павінны выехаць зь Беларусі.

Замежныя грамадзяне наведаліся ў Магілёў па турыстычнай візе на запрашэньне жыхара абласнога цэнтру, актывіста няўрадавай арганізацыі «Грамадзянскі форум» Юрыя Стукалава. Затрымалі іх у тэхнапарку «Магілёў» пасьля праверкі пашпартнага рэжыму. Замест забраных пашпартоў выдалі даведку. Паведамілі, што супраць іх распачаты адміністрацыйны працэс. Паводле супрацоўнікаў міграцыйнай службы, замежныя грамадзяне ўдзельнічалі ў нейкім сэмінары, што супярэчыць мэце наведваньня Беларусі.

«Хлопцы з розных грамадзкіх арганізацыяў Эўропы і ЗША прыехалі да мяне ў госьці. Я арганізаваў сустрэчу сяброў і запрасіў іх туды. Гэта не сэмінар па выбарах быў, ніякай там палітычнай тэматыкі не было. Мы проста абмяркоўвалі пэрспэктывы моладзевага супрацоўніцтва. Сёньня мне начальнік аддзелу грамадзянства і міграцыі паведаміла, што адміністрацыйны працэс супраць іх спынены. Ім скарачаюць колькасьць дзён знаходжаньня ў Рэспубліцы Беларусь», — заяўляе Юры Стукалаў.

Акрамя грамадзянаў ЗША, Нямеччыны, Нідэрляндаў, Аўстрыі былі й грамадзяне Армэніі ды Расеі. Актывіст расейскай Дэмакратычнай партыі «Яблоко» Мікалай Арцеменка:

«Затрыманьне адбывалася ў такой мяккай форме, але ж гэта было непрыемна. Мы абмяркоўвалі сацыяльныя пытаньні, міжнароднае супрацоўніцтва, і тут увайшлі людзі ў форме, людзі ў цывільным. Потым замежнікаў забралі. Мы паехалі зь імі, бо ніхто зь іх не гаварыў па-расейску. Учора мы правялі гадзіны тры ў аддзяленьні міграцыйнай службы».


Дружнай грамадой замежнікі прыйшлі ў міграцыйную службу

Дружнай грамадой замежнікі прыйшлі ў міграцыйную службу



Сёньня ў аддзеле грамадзянства і міграцыі замежнікі таксама правялі тры гадзіны. Толькі пасьля абеду супрацоўнікі пачалі ім тлумачыць вырак. Замежнікі, як маглі, спрабавалі пераканаць службоўцаў, што яны нічога не парушалі. З пастановай міграцыйнай службы яны не пагадзіліся. Грамадзянін Аўстрыі Стэфан Віндбэргер тлумачыць, чаму:

«Я тут як турыст. Я толькі тут сустракаўся й гаварыў зь людзьмі, і ўсё. Я першы раз у Беларусі. Дужа цікаўлюся вашай краінай, але, на жаль, яны ня хочуць, каб замежнікі прыяжджалі ў Беларусь».

Сябра Міжнароднай фэдэрацыі лібэральнай моладзі, грамадзянін Нямеччыны Даніэль Георг дадае:

«У гэтай краіне ёсьць рэчы, якія можна было б зьмяніць. І, відаць, яны ня хочуць, каб мы неяк спрыялі гэтаму і атрымлівалі інфармацыю, якую можна атрымаць, толькі знаходзячыся тут. Але ж я не лічу, што калі мы пакінем вашу краіну ў самыя бліжэйшыя тэрміны, то яны змогуць вырашыць гэтую праблему. Мы ведаем, што адбываецца ў вашай краіне. Мы й надалей будзем адсочваць сытуацыю ў вашай кране».

Адразу, як толькі міграцыйная служба вынесла рашэньне, замежнікі зьехалі ў Менск.


Такія дакумэнты выдалі кожнаму замежніку. У пашпарце паставілі штамп, што тэрмін знаходжаньня ў Беларусі скарочаны

Такія дакумэнты выдалі кожнаму замежніку. У пашпарце паставілі штамп, што тэрмін знаходжаньня ў Беларусі скарочаны

XS
SM
MD
LG