Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт абароны журналістаў патрабуе расьсьледаваць напад


Затрыманьне журналістаў падчас вулічнага пікета «Зьмены»

Затрыманьне журналістаў падчас вулічнага пікета «Зьмены»

«Улады Беларусі павінны неадкладна расьсьледаваць напад і затрыманьне сама меней сямі журналістаў, якія асьвятлялі акцыю ў цэнтры Менску, і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», — заявіў Камітэт абароны журналістаў.

«Гэтая гвалтоўная перашкода збору інфармацыі пацьвярджае сумнеўную рэпутацыю краіны як адной з самых цэнзураваных краінаў сьвету. Улада павінна спыніць грубую тактыку цэнзуры празь зьбіцьцё і затрыманьні і пачаць паважаць свой выбарчы працэс, дазваляючы асьвятляць парлямэнцкія выбары безь перашкод», — цытуе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў Ніну Агнянаву, каардынатарку праграмы Камітэту абароны журналістаў па Эўропе і Цэнтральнай Азіі.

«Такія дзеяньні з боку праваахоўных органаў Беларусі ня рэдкасьць. Асабліва падчас палітычных кампаній. Гэта далёка ня першы выпадак ужываньня грубай сілы супраць удзельнікаў мірных вулічных акцыяў і журналістаў, якія гэтыя акцыі асьвятляюць. Хоць фармальна ў Беларусі прадугледжана крымінальная адказнасьць за перашкоду законнай прафэсійнай дзейнасьці журналістаў. Таму вінаватыя ў нападзе павінны панесьці адказнасьць перад законам», — кажа прадстаўнік беларускай праграмы арганізацыі Index on Censorship Андрэй Аляксандраў.

18 верасьня супрацоўнікі спэцслужбаў разагналі пікет «Зьмены» — моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду». Ініцыятары акцыі зьбіраліся агітаваць за байкот маючых адбыцца выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Акрамя пікетоўца, людзі ў цывільным затрымалі журналістаў Сяргея Грыца, Васіля Фядосенку, Тацяну Зянковіч, Паўла Падабеда, Аляксандра Баразенку і здымачную групу нямецкага тэлеканалу ZDF.

Пазьней супрацоўнікаў СМІ адпусьцілі. Аднак міліцыянты зьнішчылі адзьнятыя імі матэрыялы.

Пры затрыманьні найбольш пацярпеў фотакарэспандэнт Сяргей Грыц, якому зламалі акуляры і пабілі твар.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG