Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь крытыкуюць за беспрынцыповасьць у выбары партнэраў


У Азэрбайджане экспэрты амаль з трох дзясяткаў краінаў абмяркоўваюць ролю сродкаў масавай інфармацыі ў схіленьні да большай адкрытасьці традыцыйна засакрэчанай энэргетычнай галіны.

Беларусь хоць і адносіцца да стопрацэнтных спажыўцоў вуглевадародаў і фармальна падпадае ў шэраг рэгіёнаў, неабароненых ад кан’юнктуры рынку, але крытыкуецца за беспрынцыповасьць у выбары партнэраў — добры перадусім той, хто забясьпечыць сыравінай за дарма.

Анансаванае зьяўленьне перад удзельнікамі канфэрэнцыі «Нафта, газ і мэдыя» прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева так і не адбылося. Выбіраючы паміж журналістамі і візытам у Францыю, азэрбайджанскі лідэр спыніўся на другім варыянце. Прывітальнае слова ад імя прэзыдэнта ўдзельнікам форуму агучыў кіраўнік Дэпартамэнту грамадзкіх і палітычных сувязяў ягонай адміністрацыі Алі Хасанаў, запэўніўшы, што роля СМІ ў асьвятленьні працэсаў у энэргетычнай сфэры з кожным годам падвышаецца.

Між тым, Ільхам Аліеў і ягоны нябожчык- бацька, экс-кіраўнік Азэрбайджану Гейдар Аліеў ў Баку зараз літаральна на кожным кроку. Праўда, збольшага падзабытым нават у Беларусі плякатным жанрам. 20 верасьня тут адзначаецца адно з самых уплывовых прэфэсійнах сьвятаў — Дзень нафтавіка — і дынастыя Аліевых, як сьведчаць вулічныя біг-борды, шануецца на самым высокім ўзроўні.



Міністар прамысловасьці і энэргетыкі Націк Аліеў не хавае, што стратэгічная задача дзяржавы — стаць буйнейшым пастаўшчыком нафты ў рэгіёне. Аднак надзвычай напружвацца, ягонымі словамі, таксама небясьпечна, бо ў іншым выпадку на ўласным досьведзе можна зьведаць усе праблемы суседзяў. Азэрбайджан у грашова-крэдытнай палітыцы намёртва прывязаўся да эўра, і любыя хваляваньні на эўрапейскім рынку могуць падарваць стабільнасьць нацыянальнай валюты:

«Многія думаюць, што ў Азэрбайджане адбываецца падзеньне здабычы нафты за кошт натуральных умоваў радовішчаў. Але гэта не зусім так. Гэта асэнсаваная палітыка нашага апэратара, які працуе сумесна ў кансорцыюме з замежнымі кампаніямі, і не плянуе рэзкага павелічэньня здабычы нафты. Кошт нафты, вы самі разумееце, цудоўны, але павялічваць здабычу для Азэрбайджану сёньня нават нямэтазгодна. Таму што гэта дае вялікі прыток валюты, прыбыткаў, усё гэта прыводзіць да пэўнай інфляцыі. Іншымі словамі, для нас, для Азэрбайджану сёньня важней стабілізаваць узровень здабычы нафты на многія гады наперад. Гэта нашмат выгодней, чым атрымаць пэўны пік здабычы, а потым мець рэзкі спад».

Тым часам некаторыя ўдзельнікі мерапрыемства спрабавалі пашырыць тэму размовы, акцэнтаваўшыся на рэальным стане са свабодай прэсы ў Азэрбайджане. Так, адна з арганізатарак імпрэзы, выканаўчы дырэктар Міжнароднага інстытуту прэсы Элісан Макензі заклікала азэрбайджанскія ўлады больш стрымана рэагаваць на журналісцкую крытыку.

У азэрбайджанскіх турмах утрымліваюцца дзясяткі апанэнтаў рэжыму, уключна з прадстаўнікамі незалежных мас-мэдыя, якіх, па аналёгіі зь Беларусьсю, афіцыйны Баку клясыфікуе як «звычайных крымінальнікаў» і таргавацца за якіх не зьбіраецца. Спадарыня Макензі канстатавала: вызваленьне палітзьняволеных — асноўная прыкмета аздараўленьня грамадзтва, што можа сьведчыць на агульныя дэмакратычныя зьмены ў краіне. Тым больш, што права на вольнае выказваньне ўласных меркаваньняў — галоўны прынцып асноўнага закону любой дзяржавы.

Беларуская тэма ў часе канфэрэнцыі практычна адсутнічала, паколькі Беларусь з-за абдзеленасьці недраў ніяк не ўплывае на фармаваньне ўсясьветнай энэргетычнай палітыкі. Але ў кулюарах Беларусь усё роўна згадваюць. Так, кіраўніца расейскага фонду журналісцкіх расьсьледаваньняў «Фундацыя 19/29» Галіна Сідарава задаецца пытаньнем: навошта Расеі ўзвальваць на сябе цяжар бясплатнага донарства цэлай краіны, якая нічым на можа кампэнсаваць вялізныя выдаткі? І сама дае адказ: ніякага эканамічнага складніку ў падобным праекце энэргетычнага мэцэнацтва няма:

Галіна Сідарава

Галіна Сідарава

«Расеі выгадна, каб там быў, скажам так, хоць „паршывенькі“, але свой. Маецца на ўвазе, што, з Лукашэнкам, ня гледзячы на ўсе пэрыядычныя рознагалосьсі, пэрманэнтныя спрэчкі, Расея заўсёды дамовіцца (пад Расеяй у дадзеным выпадку я маю на ўвазе цяперашнюю расейскую ўладу). То бок, для яе значна больш зручна мець Лукашэнку, чым нейкага незалежнага палітыка, які яшчэ незразумела, куды будзе глядзець. А цалкам відавочна, што глядзець ён будзе больш шырока, будзе прымацца ў Эўразьвязе, увогуле будзе прымацца ў міжнароднай палітычнай супольнасьці. Іншымі словамі, для Расеі, для расейскай улады Лукашэнка ў такім фармаце больш зручны. Па-свойму ён прадказальны, яны яго — менавіта такім — даўно ўжо ведаюць. Асабіста для мяне, напрыклад, такі крок падаецца дзіўным, абсалютна няправільным, неразумным і нелягічным. Але, відавочна, гэтым людзям так камфортней і, відаць, яны ўсё ж атрымліваюць тое, што і прагназавалі».

Азэрбайджанскія экспэрты ня бачаць сур’ёзнай пэрспэктывы на беларускім рынку і ранейшыя пляны на пастаўку нафты, агучаныя Менскам, але стрымана ўспрынятыя ў Баку, лічаць такой жа авантурай, як і спробы насыціць Беларусь вэнэсуэльскай сыравінай.
XS
SM
MD
LG