Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грыц: «Навошта было нападаць на журналістаў?»


Сяргей Грыц
Сяргей Грыц

Першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах у Беларусі быў адзначаны разгонам байкотнага пікету ў Менску і брутальным затрыманьнем і зьбіцьцём журналістаў. Ці змогуць журналісты дамагчыся пакараньня тых, хто перашкаджае іх працы, парушае іх правы?

Найбольш пацярпеў падчас затрыманьня фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Грыц. На фатаздымку, зьмешчаным у фэйсбуку, выразна відаць кроў каля вока і сіняк пад ім. Сяргей сказаў, што баліць вока і галава, калі пасьля вызваленьня з пастарунку накіроўваўся да лекара. Яму разьбілі акуляры, а ўсе ягоныя фатаздымкі міліцыянты ў пастарунку зьнішчылі. Сяргей сумняваецца, ці ёсьць сэнс абскарджваць дзеяньні міліцыянтаў:

«У мяне нават ёсьць фатаздымак таго мужчыны, які мяне затрымліваў. Я падумаю. Я пакуль у працэсе. Я паехаў у паліклініку. Напісалі вельмі доўгі дыягназ — выцятыя месцы, траўмы пераносься, тканак. Пра мой візыт паведамлена міліцыі. Прызначана кансультацыя ў нэўроляга. Навошта трэба было так нападаць на журналістаў?».

Кіраўнік прэсавай службы МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч заявіў карэспандэнту «Свабоды», што Сяргей Грыц можа зьвярнуцца са скаргай:

«Калі насамрэч было тое, што вы кажаце, то ў яго ёсьць права падаць скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Будуць разьбірацца. Калі ўсё тое, што ён кажа і выкладае ў інтэрнэт, праўда, у яго ёсьць на законных падставах права зьвярнуцца са скаргай».

Прадстаўнік МУС даводзіць, што журналістаў не затрымлівалі, бо ніякіх пратаколаў на іх не складалася:

«Яны прысутнічалі на нейкай несанкцыянаванай акцыі. У якасьці каго яны там прысутнічалі, трэба было высьветліць. Іх даставілі ў РУУС для высьвятленьня асобы і сапраўднай датычнасьці да журналісцкай дзейнасьці. Калі ўсё было высьветлена, іх адпусьцілі».

Тэлежурналіст Алесь Баразенка, які быў сярод затрыманых, распавёў, што зь перашкодамі ў працы з боку ўладаў ён сутыкаецца не ўпершыню:

«Мяне даволі брутальна запхнулі ў мікрааўтобус. Як я цяпер гляджу на фота, мяне трымалі за шыю. Але гэтага я ня памятаю, бо быў на эмоцыях. Яны нічога не казалі, а мы крычалі, што мы журналісты і нас павінны адпусьціць, але гэта нікога не цікавіла. Я ні кроплі ня зьдзіўлены, бо засталося менш за тыдзень да так званых выбараў. Ну, і хутка мы пабачым яшчэ большае закручваньне гаек. І гэта толькі пачатак таго, што нас чакае ў бліжэйшы тыдзень. Я не ўпершыню трапляю ў такую сытуацыю. Усім вядома, прынамсі беларускім журналістам, што ў краіне беззаконьне. Таму гэта тыя рэаліі, у якіх даводзіцца працаваць. Акцыі маўклівага пратэсту паказалі, чаго вартыя праваахоўныя органы і як яны працуюць. Я думаю, Сяргей будзе абскарджваць гэтыя дзеяньні, а мы дапаможам і далучымся».

Незалежныя юрысты адзначаюць, што праваахоўныя органы парушылі шэраг законаў, затрымліваючы журналістаў, якія былі на працы. Прадстаўнікі СМІ, згодна з заканадаўствам, маюць права прысутнічаць на любых публічных мерапрыемствах, у тым ліку і несанкцыянаваных. Але старшыня БХК Алег Гулак, зыходзячы зь мінулага досьведу, мае сумневы, што вінаватых удасца пакараць:

«Ізноў парушэньне. На жаль, працягваецца практыка незаконных затрыманьняў, парушэньня правоў і грубых, незаконных дзеяньняў. Трэба зьвяртацца, абскарджваць. Толькі, на жаль, гэтыя прававыя мэханізмы ня дзейнічаюць, бо калі б яны дзейнічалі, то гэтая практыка даўно спынілася б. Парушаюцца правы журналістаў, правы грамадзян, і праваахоўныя органы выходзяць за межы сваёй кампэтэнцыі. І гэта сур’ёзныя парушэньні, якія, як мінімум, цягнуць за сабой дысцыплінарную адказнасьць. Варта было разглядаць і пытаньне аб крымінальнай адказнасьці. Толькі для гэтага патрэбныя мэханізмы і інструмэнты. Яны, на жаль, не працуюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG