Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ад 18 верасьня адкрыліся ўчасткі для датэрміновага галасаваньня па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Ужо ў першы дзень датэрміновага галасаваньня назіральнікі ад палітычных партыяў і рухаў адзначылі шэраг парушэньняў у Менску і іншых гарадах.

Сябра КХП БНФ Алесь Чахольскі зарэгістраваны назіральнікам на участку № 345 Фрунзенскай выбарчай акругі № 101 у Менску. Першыя парушэньні падчас датэрміновага галасаваньня адзначыў ужо праз некалькі хвілін пасьля адкрыцьця выбарчага ўчастка:

«Толькі ўчастак, фактычна, адкрыўся, як зьявілася такая выбаршчыца: вельмі актыўная, узбуджаная і адразу падышла да сяброў камісіі. Кажа: калі ласка, дайце мне прагаласаваць і пастаўце пячатку на звальняльную цыдулку пра тое, што я ў вас прагаласавала. Сябра камісіі Шамак Тацьцяна Казіміраўна на гэтай цыдулцы падпісалася. Я выйшаў і запытаўся гэтую выбарніцу, чаму яна прыйшла датэрмінова галасаваць, ці ім загадалі гэта рабіць? Яна адказала — так, нам загадалі 18-19 каб мы ўсе прагаласавалі. Запытваю, а дзе вы працуеце? Кажа — у дэпартамэнце аховы МУС РБ».

Сярод зафіксаваных парушэньняў — недакладная колькасьць выбарнікаў на ўчастках, правакаваньні да галасаваньня за праўладных кандыдатаў, перашкоды ў працы назіральнікаў. Але факты арганізаванага масавага галасаваньня — дэмакратычныя назіральнікі фіксавалі найчасьцей. Пра такі выпадак на ўчастку № 347 у Менску паведамляе назіральнік ад руху «За свабоду» Алесь Марчанка:

«На маім выбарчым участку ад раніцы прагаласавалі чалавек сем. А дзесьці каля 16 гадзін раптам зьявіўся натоўп — каля сотні чалавек прыехалі аўтобусам. Яны ўсе ішлі без чырвона-зялёных запрашэньняў, ведалі адзін другога, віталіся. Сталым жанчынам нешта пазначалі ў пашпартах — я так мяркую — пісалі нумары дамоў, якія яны пазьней называлі. Я ў адной такой запытаўся паглядзець прапіску ў пашпарце, яна мне не паказала і пачала зьбягаць з крыкам, што тут галасаваць ня будзе. Тады я паклікаў старшыню камісіі Людмілу Абрамававу і пакуль мы зь ёй спрачаліся, усе гэтыя людзі пазьбягалі».

Парушэньні хады галасаваньня ўжо ў першы дзень датэрміновых выбараў камэнтуе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімер Лабковіч:

«Нашая кампанія „Праваабаронцы за справядлівыя выбары“ падчас кожнай выбарчай кампаніі заяўляе і сьведчыць, што датэрміновае галасаваньне — гэта абсалютна адназначны інструмэнт па маніпуляцыі вынікаў галасаваньня. І шматлікія прымусы, і факты незаконнага галасаваньня — яны сьведчаць пра тое, што, на жаль, падчас і гэтай кампаніі улады не адмянілі сваю практыку і звычайны падыход да такога віду галасаваньня. І гэтак датэрміновае галасаваньне становіцца элемэнтам маніпуляцыі вынікаў».

Як паведаміў Свабодзе Алесь Чахольскі па выяўленых парушэньнях ён ужо накіраваў заявы ў пракуратуру і Цэнтрвыбаркам. Аналягічныя заявы рыхтуе таксама і Алесь Марчанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG