Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто галасуе датэрмінова?


18 верасьня а 10-й раніцы ў Беларусі адкрыліся ўчасткі для датэрміновага галасаваньня. У Менску на некаторых зь іх першыя выбарнікі зьявіліся яшчэ да адкрыцьця.

Участак для галасаваньня № 136 па Сьвіслацкай выбарчай акрузе № 94 адкрыўся ў адной з клясаў менскай школы № 111. На дзьвярах і сьценах — плякаты з партрэтамі кандыдатаў, а пры ўваходзе — дзяжурны міліцыянт. У пакоі для галасаваньня — асобныя месцы для назіральнікаў, двое зь якіх — ад руху «За свабоду». Літаральна праз 10 хвілін пасьля адкрыцьця на парозе зьявіўся першы выбарнік. Свой датэрміновы і раньні візыт ён пракамэнтаваў гэтак:

Спадар: «Прыйшоў прагаласаваць, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак».

Карэспандэнтка: «Але чаму ўжо сёньня — дзень галасаваньня…»

Спадар: «Выяжджаем зь сям’ёй. Не атрымаецца».

Карэспандэнтка: «Кандыдата свайго раней выбралі?»

Спадар: «Не, яшчэ ня выбраў. Зараз прачытаю».

Адзін з назіральнікаў, з прышпіленым на пінжаку бел-чырвона-белым сьцяжком, Антось Вусовіч кажа, што зь сябрамі выбарчай камісіі адносіны склаліся прыязныя зь першых хвілін, заўвагаў таксама ён пакуль ня мае. А пра датэрміновае галасаваньне выказаўся гэтак:

«Ня трэба гэтага рабіць. Тыя, хто жадае ўзяць удзел у выбарах, яны зробяць гэта ў дзень галасаваньня. А астатняе… Не хацеў бы нікога крыўдзіць, але мне падаецца, што гэта ўсё ад лукавага…»

На ўчастку № 146 па Купалаўскай акрузе № 95 шэрагі кабінаў для галасаваньня яшчэ толькі ўсталёўваюць. У пакоі для датэрміновых выбараў праца ў разгары, але сябры камісіі забараняюць нешта запісваць ці фатаграфаваць, ня маючы чым гэта патлумачыць. Неўзабаве зьяўляецца старшыня камісіі, якая пагаджаецца адказваць на ўсе пытаньні, папярэдне перапісаўшы ў адмысловы сшытак усе зьвесткі з журналісцкага пасьведчаньня. Паводле Марыны Мушніцкай, на іхнім участку ахвотныя прагаласаваць выстройваліся ў чаргу:

«Яшчэ да адкрыцьця ўчастку для галасаваньня было некалькі пажылых людзей, якія сказалі, што паедуць на лецішчы і таму хочуць прагаласаваць. Мы адчынілі ўчастак, як і належыць, а 10-й гадзіне, і ў нас прагаласавала ўжо сем чалавек».

За час непрацяглай размовы з кіраўніцай камісіі на ўчастку прагаласавалі яшчэ ня менш за пяць чалавек, усе — пэнсійнага веку. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Чаму зараз ідзяце галасаваць, датэрмінова?»

Спадарыня: «Датэрмінова? Бо я на лецішча паеду, і як тады мне прагаласаваць? Са скрыняй да мяне прыйдуць, ці як гэта будзе? Таму вось прыйшла. А кандыдата яшчэ ня выбрала, яшчэ думаю».

Спадарыня: «Я ўжо схадзіла прагаласавала, бо ў выходныя ў мяне ня будзе часу, а таму вырашыла датэрмінова».

Карэспандэнтка: «Ці верыце, што ваш дэпутат абароніць вашы правы?»

Спадарыня: «Так, цалкам. Мне падаецца, што зусім дрэнныя людзі не павінны сюды ісьці. І вось я чула, што апазыцыя ў бальшыні зьняла сваіх кандыдатаў, бо ім нефіг тут рабіць».

Карэспандэнтка: «Апазыцыя якраз і кажа, што зьняла сваіх кандыдатаў таму, што падчас датэрміновага галасаваньня адбываецца фальшаваньне вынікаў».

Спадарыня: «Ды ну, глупства! Мне падаецца, што не. Хаця ў жыцьці ўсё можа быць… »

Каледж лёгкай прамысловасьці з участкам № 146 разьмешчаны на ажыўленым завулку, празь які людзі ідуць на аўтобусны прыпынак. Большасьць — міма ўчастку для галасаваньня. А многія заяўляюць, што ня пойдуць на выбары ўвогуле:

Карэспандэнтка: «Ці пойдзеце на датэрміновае галасаваньне?

Спадарыня: «Не пайду я туды. У мяне пэнсія — паўтара мільёна. Чаго я пайду на гэтыя выбары? Няхай ідзе той, у каго пэнсія сярэдняя».

Спадар: «Датэрмінова хадзіць? Навошта? Увогуле, так нельга — будзе дзень галасаваньня, тады і пайду».

Спадарыня: «Не, не пайду на датэрміновае галасаваньне. І ўвогуле не пайду, бо ніхто нічога для людзей не стараецца, асабліва для пэнсіянэраў. Мне каб у Дзяржынскі раён на лецішча дабрацца, то патрэбна 4–5 гадзін. Я ўвогуле дысцыплінаваная і паслухмяная… Але гэтым разам на выбары не пайду».
XS
SM
MD
LG