Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаваньне. Якія яго адметнасьці? Журналіст Свабоды амаль дзьве гадзіны правёў каля ўчастка для галасаваньня Магілёўскай Цэнтральнай выбарчай акругі № 85. Зь месца падзеяў – ягоны рэпартаж.

Участак для галасаваньня месьціцца ў школе. За дзьве гадзіны вялікага наплыву выбарцаў не назіралася. Галасаваць ішлі людзі сталага веку. На пытаньне: «Чаму вырашылі прагаласаваць датэрмінова?» – адказвалі аднатыпна:

Першая спадарыня: Так атрымліваецца, што цяпер уборачная кампанія, лецішчы, таму на выходныя не атрымліваецца. Можна было пайсьці, але не хацелася б дзень разьбіваць. Я чула, што лепей хадзіць у дзень галасаваньня нібыта, але…

Другая спадарыня: Адна прычына: я працую. А не прагаласаваць наагул – нельга. Трэба галасаваць.

Трэцяя спадарыня: На выходныя на лецішча выяжджаю, дык мо вярнуся позна.

Карэспандэнт: Кажуць, што калі датэрмінова галасуюць, то шмат падтасовак бывае. Не задумваліся?

Чацьвёртая спадарыня: Я так не задумвалася дужа, але я, наагул,чэсны чалавек і мяркую, што не павінна такога быць. Але як бывае насамрэч, то ня ведаю.

«Галасуюць пераважна людзі сталага веку»


У старшыні ўчастковай камісіі пацікавіўся, як прайшлі першыя дзьве гадзіны датэрміновага галасаваньня:

«Ну, пакуль народ ідзе. Галасуюць у асноўным людзі сталага веку. Недзе чалавек пятнаццаць-дваццаць».

Пакуль назіраў за ня дужа актыўным ходам першых гадзін датэрміновага галасаваньня, цікавіўся ў тых, хто абмінаў участак для галасаваньня: чаму яны не сьпяшаюцца на выбары?

Спадарыня сталага веку: У нядзелю вольны час. Я спэцыяльна заплянавала, што я нікуды не паеду. Ні на лецішча, нікуды. І пайду й прагаласую, як усе. Я люблю гэтае адчуваньне сьвята, калі грае музыка. Выбары – гэта сьвята.

«Ня ведаю, за каго галасаваць. Таму не пайду»


Другі спадар сталага веку: Я наагул не пайду. Ня ведаю, за каго галасаваць. Не пайду. Так вырашыў. Ай, гэты парлямэнт…

Другая спадарыня сталага веку: Я на іх не пайду. Я за іх галасаваць ня буду. Што яны нам даюць, пэнсіянэрам, – гэтыя дэпутаты? Толькі грашмі кішэні сабе набіваюць.

«А мне бяз розьніцы – магу й датэрмінова прагаласаваць…»


Трэцяя спадарыня сталага веку: А мне бяз розьніцы – магу й датэрмінова прагаласаваць. А датэрмінова – гэта ад якога чысла? А чаго мне нічога не прыйшло – куды ісьці, за каго галасаваць? Дзе гэта пачытаць?..

Напярэдадні на Віцебшчыне аршанскаму праваабаронцу Васілю Леўчанкаву не ўдалося трапіць на працэс перадачы й пераліку выбарчых бюлетэняў у мясцовыя ўчастковыя камісіі. Не дазволіў гэтага старшыня Аршанскай Дняпроўскай акруговай камісіі. Падрабязнасьці канфліктнай сытуацыі ўдакладняў журналіст Свабоды.

У гутарцы з карэспандэнтам Васіль Леўчанкаў паведаміў:

Васіль Леўчанкаў

Васіль Леўчанкаў

​«Я ж назіральнік, хацеў бы ўбачыць, як гэта будзе адбывацца. Пытаюцца: «А навошта вам гэта трэба? Ваша прысутнасьць тут непажаданая». І калі ўчастковыя камісіі будуць здаваць бюлетэні, таксама нельга прысутнічаць. Я пытаюся: «Калі ж можна?» Кажуць: «Мы вас запросім 24-га на абвяшчэньне вынікаў выбараў, не раней як а 10-й раніцы». Вось і ўсё!»

У кожнай акрузе «птушачка» на ўзоры запаўненьня бюлетэняў стаіць якраз насупраць праўладнага кандыдата…

Анатолю Родзіку, назіральніку пры Віцебскай-Кастрычніцкай акруговай камісіі № 20, давялося трапіць на выбарчыя ўчасткі ў першы дзень датэрміновага галасаваньня. Ён заўважыў, што на ўзоры бюлетэня «птушачка» стаіць якраз насупраць «кандыдата № 4», а чацьвёртым у сьпісе ідзе якраз праўладны кандыдат, дырэктар мэдкаледжу Аляксандар Цацоха. Тая самая карціна – і ў Віцебскай-Чкалаўскай акрузе, кажа спадар Родзік:

«У нашай 20-й акрузе гэта Цацоха, ён чацьвёрты ў сьпісе, дык стаіць у 4-м квадраціку. Па суседняй акрузе Волкаў першы – «птушачка» ў першым квадраціку. Я гэтае пытаньне паставіў на пасяджэньні камісіі. Спачатку старшыня Канявалаў сказаў, што гэта абуральна і што так не павінна быць. Але потым як разышоўся ды закрычаў: «Вы што, хочаце, каб выбары кату пад хвост? Гэта ж грошы патрачаны!»

Анатоль Родзік прапанаваў перадрукаваць узоры за свой кошт на ксэраксе, уключыўшы ў сьпіс няіснага кандыдата № 5, каб дзеля ўзору паставіць «птушачку» насупраць яго. Але прапанову камісія не прыняла.

Прагаласаваць запрасілі… памерлага ў 2009-м годзе


Тым часам выбарцаў запрашаюць на выбарчыя ўчасткі. І тут таксама шукаюць глебу для фальсыфікацыяў, лічыць кандыдат па Віцебскай Чкалаўскай выбарчай акрузе № 18 Аляксей Гаўруцікаў. Выбарца Вольга Каваленка паскардзілася яму, што атрымала запрашэньне прагаласаваць на імя мужа, які памёр у 2009 годзе. Паказальна, што на прэзыдэнцкіх выбарах у 2010 годзе пра нябожчыка ня згадвалі, а вярнулі яго «на ўлік» толькі цяпер, калі прагназуецца невялікі працэнт яўкі выбарцаў, лічыць спадар Гаўруцікаў:

Аляксей Гаўруцікаў

Аляксей Гаўруцікаў

«Калі ў 2010 годзе яго не было, а цяпер зьявіўся, – гэта, відавочна, сьвядома зроблена для павелічэньня колькаснага складу выбарцаў. Вось і ўсё – проста, як граблі!»

Кандыдат Віталь Каратыш, які балятуецца на Берасьцейшчыне па Лунінецкай акрузе № 13, заяўляе, што робіць гэта незалежна ад палітычных партыяў і ўлады. Таму ўласнымі сіламі зь сябрамі й сваякамі працягвае выбарчую кампанію й заяўляе, што пойдзе да канца.

Цяперашняя выбарчая кампанія – другая па ліку ў жыцьці прадпрымальніка Віталя Каратыша зь вёскі Кажан-Гарадок Лунінецкага раёну. Яго канкурэнт – начальнік аддзелу адукацыі Лунінецкага райвыканкаму Валянціна Верас. І вось што суразмоўца Свабоды кажа пра свае шанцы на перамогу:

Віталь Каратыш

Віталь Каратыш

«На сходах у працоўных калектывах я ўжо тройчы запрашаў яе на адкрытыя дэбаты. Але спадарыня Верас не пагаджаецца. Кажа, што ёй больш камфортна наведваць працоўныя калектывы і выступаць перад імі асобна ад мяне. Я мяркую, што яна баіцца не мяне, а людзей. Сёньня, да прыкладу, у яе сустрэчы на мясцовых заводах, а мне даводзіцца аб'яжджаць гэтыя ж заводы й дамаўляцца на іншыя дні. Менавіта яна ставіць умовы!»

Сёньня – пачатак датэрміновага галасаваньня. Якія асаблівасьці яго ў Лунінецкай выбарчай акрузе? Кандыдат Віталь Каратыш сьведчыць:

«Сёньня раніцай 4–5–10 выбарцаў (у залежнасьці ад участкаў) прагаласавалі яшчэ гадзіну таму (гутарка адбывалася а 12 гадзіне 18 верасьня). І наш досьвед паказвае, што яўка выбарцаў у гэтай кампаніі будзе невысокая. І перад уладай стаіць задача ўсімі праўдамі й няпраўдамі завабіць выбарцаў на ўчасткі. На жаль, пракантраляваць гэты працэс амаль немагчыма. Нас не дапускаюць да гэтай інфармацыі. Але, тым ня менш, назіральнікі з майго боку будуць фіксаваць колькасьць выбарцаў, якія прыйшлі на ўчасткі. І мы перакананыя, што мясцовыя ўлады будуць заганяць сотні людзей на ўчасткі ў асноўны дзень галасаваньня».

Віталь Каратыш зьвяртае асаблівую ўвагу на падтрымку яго з боку шараговых выбарцаў:

«Гэта – новае для мяне. Я зараз адчуваю, што тутэйшыя людзі жадаюць пераменаў. У мінулую выбарчую кампанію мне таксама казалі шмат добрых слоў, але зараз людзі настроеныя на зьмены, і ў зьвязку з гэтым я бачу, што іхнія надзеі таксама зьвязаныя з маім вылучэньнем у дэпутаты. Упэўнены, што пры сумленным падліку галасоў я перамагаў бы ў гэтай акрузе».

Канфлікт на «Граніце» й яго наступствы


Некаторы час таму грамадзкае жыцьцё ў Лунінецкім рэгіёне ўзрушылі пратэсты гарнякоў у рабочым пасёлку Мікашэвічы. Якую ўвагу гэтаму надае кандыдат Віталь Каратыш?

«На выкарыстаньні рэсурсаў вытворчага аб'яднаньня «Граніт» перасякаюцца інтарэсы, скажам так, сур'ёзных людзей. І таму, калі наперадзе ўзмацняюцца працэсы прыватызацыі і гэтак далей, то беларускія ўлады зацікаўленыя, каб усё заставалася спакойным й стабільным.

Канфлікт на «Граніце» й яго жорсткае здушэньне дэманструюць, што там ёсьць прамыя інтарэсы зацікаўленых асобаў. І таму мяне праўдамі й няпраўдамі ўлады пастараюцца не дапусьціць да перамогі на выбарах. Ціск адбываецца і на незалежныя прафсаюзы, бо і яны супраць так званай шэрай прыватызацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG