Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыйныя партыі ў сямі тысячах участковых выбарчых камісіях прадстаўляе 61 чалавек, астатніх вылучэнцаў апазыцыі мясцовыя ўлады адхілілі.

Тыя апазыцыянэры, якіх уключылі, застаюцца ў гэтых камісіях у абсалютнай меншасьці сярод шматлікіх прадстаўнікоў працоўных калектываў, актывістаў БРСМ, «Белай Русі». Тым ня менш яны спадзяюцца спыніць магчымыя спробы фальсыфікацыі.

Ірына Лявіцкая абраная сябрам 4-й участковай камісіі 3-й Берасьцейскай Усходняй акругі, яна была вылучаная АГП. У аўторак спадарыня Лявіцкая дзяжурыла на ўчастку падчас датэрміновага галасаваньня. Ніякіх парушэньняў, масавага падвозу людзей пакуль не зафіксавала. Палова сябраў яе камісіі прадстаўляюць радыётэхнічны завод, старшыня — начальнік аддзелу кадраў гэтага прадпрыемства. Пакуль канфліктаў зь іншымі сябрамі камісіі ў Лявіцкай не было.

Ірына Лявіцкая працуе ў камісіі другі раз. Яна мае досьвед, як трэба кантраляваць, каб не дапусьціць фальсыфікацыяў:

«Калі скончыцца мой тэрмін дзяжурства на галасаваньні, я пастаўлю подпіс на паперцы, якою заклейваецца скрыня. Тут прысутнічаюць назіральнікі ад нашай партыі, АГП, яны таксама за гэтым сочаць, каб усе подпісы стаялі. У канцы кожнага дня буду прыяжджаць і абавязкова на паперы, якой заклейваецца шчыліна ў скрыні, ставіць свой подпіс».

З папярэдняга досьведу Ірына Лявіцкая ведае, што фальсыфікацыі адбываюцца шляхам масавага ўкідваньня бюлетэняў у асноўны дзень галасаваньня:

«Усе сябры камісіі ходзяць са скрынямі па хатах — да тых, хто ня можа прыйсьці на ўчастак. Калі такіх, хто не зусім даспадобы, адправіць, то ў гэты час можна рабіць усё што заўгодна. А хадзіць мы мусім абавязкова, як усе сябры камісіі».

У акрузе, у якой працуе Ірына Лявіцкая, не засталося апазыцыйных кандыдатаў. Кандыдат ад АГП зьняўся. Цікавасьць да выбараў малая, людзі мяркуюць, што гэтыя выбары нічога ня зьменяць, таму ўладам будзе складана забясьпечыць яўку, — кажа спадарыня Лявіцкая. Яна працуе ў кінавідэапракаце і ў асноўны дзень галасаваньня павінна быць на працы. Начальства пакуль не пагадзілася яе адпусьціць працаваць у камісію на 23 верасьня.

Актывіст Партыі левых «Справядлівы сьвет» Анатоль Ветраў на сваім 18-м участку ў Воршы пакуль парушэньняў не зафіксаваў. Спадар Ветраў — пэнсіянэр, ён адзіны прадстаўнік апазыцыйнай партыі ў сваёй камісіі і зьбіраецца сачыць, каб не было ніякіх маніпуляцыяў, у тым ліку ў ноч перад асноўным днём галасаваньня:

«Я буду глядзець па сытуацыі. Я якраз буду дзяжурыць і буду ўсю ноч там знаходзіцца. Я вартаўніком яшчэ працую і якраз буду там ноччу вартаваць».

Анатоль Ярмак вылучаны Партыяй БНФ у склад участковай выбарчай камісіі Берасьцейскай цэнтральнай акругі. Ён кажа, што яго рэдка запрашаюць у камісію, дзе астатнія сябры прадстаўляюць электрамэханічны завод, а кіруе ўсім намесьніца дырэктара па ідэалёгіі. Анатоль ня ўпэўнены, што яму ўдасца пракантраляваць працу камісіі:

я магу бачыць тое, што відавочна, што ляжыць на паверхні...
«Ня ведаю, на мой погляд, я магу бачыць тое, што відавочна, што ляжыць на паверхні. А нейкія асноўныя махінацыі — я ня ведаю, ці ўдасца мне аднаму іх вылічыць, калі такія будуць».


Ірына Данілеўская была адзінай прадстаўніцай БНФ, каго ўключылі ў склад участковых камісіяў Горадні. Але яе адклікалі на яе ж просьбу:

«Асабіста я таксама байкатую гэтыя выбары. Ня бачу сэнсу абсалютна ніякага. Нават быць сябрам камісіі. Трэба быць як мінімум старшынёй ці сакратаром, каб нешта вырашаць ці ўплываць».

Ірына Данілеўская мяркуе, што сваім сыходам з камісіі яна спрасьціла працу вэртыкалі:

«Але пры гэтым я ня думаю, што магла б нейкім чынам уплываць. Калі б я ня мела працы, я б уплывала, нэрвы папсавала б дакладна».
XS
SM
MD
LG