Лінкі ўнівэрсальнага доступу

YouTube у Расеі можа быць заблякаваны з-за антыісламскага фільму


Мікалай Нікіфараў
Мікалай Нікіфараў

Міністар сувязі Расеі Мікалай Нікіфараў напісаў у сваім блогу на Twitter, што пасьля ўступленьня ў сілу 1 лістапада закону аб «чорных сьпісах» сайтаў расейцы могуць пазбавіцца доступу да відэапарталу YouTube з-за разьмешчанага на ім трэйлера да антыісламскага фільму «Нявіннасьць мусульманаў». Пра гэта паведамляюць gazeta.ru і ІТАР-ТАСС.

«Жарты-жартамі, а з-за гэтага роліка 3-5 лістапада на тэрыторыі Расеі можа быць цалкам заблякаваны ўвесь YouTube», — напісаў Нікіфараў.

Напярэдадні стала вядома, што расейская Генпракуратура падрыхтавала пазоўную заяву ў суд і будзе патрабаваць прызнаньня гэтага фільму экстрэмісцкім. Пры гэтым Раскамнагляд рэкамэндаваў апэратарам сувязі блякаваць расейскім інтэрнэт-карыстальнікам доступ да «Нявіннасьці мусульманаў» неадкладна, яшчэ да рашэньня суду.

Нягледзячы на тое, што ролік быў разьмешчаны на YouTube яшчэ ў ліпені, менавіта ён у пачатку верасьня стаў прычынай масавых антыамэрыканскіх пратэстаў, якія ахапілі краіны арабскага сьвету. У фільме, які быў зьняты ў Каліфорніі, прарок Мухамад прадстаўлены ў вельмі зьневажальным выглядзе. Гэты пэрсанаж у фільме адвольна прыдумляе «законы Алаха», каб дамагчыся сваіх мэтаў, і ўступае ў хаатычныя палавыя сувязі.

Калі расейскі суд прызнае фільм экстрэмісцкім, уладальнік Youtube кампанія Google хутчэй за ўсё выдаліць фільм з сайту: раней карпарацыя заяўляла, што гатова блякаваць доступ да фільму ў канкрэтных краінах на запыт мясцовых уладаў або паводле рашэньня судоў. З гэтай прычыны Google ужо абмежавала доступ да відэароліка ў Індыі і Інданэзіі і заблякавала яго для карыстальнікаў у Эгіпце і Лібіі. Аднак у Пакістане Google не стала блякаваць скандальны фільм, і прэм’ер-міністар краіны Раджа Пэрвэз Ашраф даручыў мясцовым інтэрнэт-правайдэрам зачыніць доступ усіх пакістанскіх карыстальнікаў да YouTube.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG