Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Немцы вучылі як ужываць шпіёнскія тэхналёгіі да дэманстрантаў


Андрэй Хунка

Андрэй Хунка

«Немцы вучылі міліцыянтаў, як ужываць сучасныя шпіёнскія тэхналёгіі да дэманстрантаў», — так пракамэнтаваў адказ МУС ФРГ на свой дэпутацкі запыт адносна характару навучальных сэмінараў для міліцыі ў Менску нямецкі левы палітык Андрэй Хунка.

У адмысловай заяве нямецкага парлямэнтарыя, якую атрымала «Свабода», адзначаецца, што перададзеныя немцамі на сэмінары ў Менску ў чэрвені 2009 году сучасныя тэхналёгіі ўдасканаленьня крымінальнага вышуку, у прыватнасьці — досьвед працы з аналітычнай кампутарнай праграмай «Analyst’s Notebook», былі пазьней выкарыстаныя беларускімі міліцыянтамі не для барацьбы з тэрарыстамі, наркагандлярамі і злачыннымі групоўкамі, а для здушэньня пратэстных акцыяў цывільнага насельніцтва.

Паводле Андрэя Хункі, нягледзячы на тое, што прадстаўнікі фэдэральнай крымінальнай паліцыі праводзілі трэнінгі па аўтаматызацыі крымінальнага перасьледу для сілаў бясьпекі рэпрэсіўнага беларускага рэжыму, у Нямеччыне ў гэтай сувязі не было аніякай адкрытай дыскусіі. Правамоцнасьць выкарыстаньня падобнага «інтэлектуальнага асартымэнту» ў будзённай паліцэйскай працы зусім не абмяркоўвалася.

На думку нямецкага палітыка, праграмы кшталту «Analyst’s Notebook», здольныя выяўляць сувязі паміж людзьмі, рэчамі і месцамі, — гэта ўсё ж прэрагатыва зьнешняй выведкі. І таму фэдэральнае ведамства па барацьбе з крымінальнымі злачынствамі, а таксама паліцэйскае агенцтва «Эўрапол» павінны патлумачыць, чаму з дапамогай падобных сыстэмаў вядзецца аналіз сацыяльных сетак ды вывучаюцца сувязі людзей, чыя віна не даказаная.

«Калі кампутарныя праграмы аналізуюць чыесьці пэрсанальныя дадзеныя, то павінны быць вядомыя прынцыпы іх дзеяньня, а значыць — зыходны код. І гэта тычыцца ня толькі дзяржаўных траянскіх праграмаў ды інструмэнтарыю для аналізу разнастайных крыніц у мэтах вышуку.

Выклікаюць сумнеў і дасьледаваньні ў галіне распазнаваньня вобразаў відэаназіраньня ў рамках праектаў ЭЗ INDECT і ADABTS. Зь іх дапамогай паліцыя і кіраўніцтва гандлёвых цэнтраў хочуць на законных падставах прадбачыць «падазроныя паводзіны», адзначае нямецкі дэпутат ад Левай партыі Андрэй Хунка.

Паводле ягоных словаў, заклікі кіраўніка нямецкага МЗС Гіда Вэстэрвэле да больш строгага кантролю за экспартам тэхналёгіяў аўтарытарным рэжымам засталіся без увагі.

Тым часам фэдэральны ўрад ладзіў навучаньне ня толькі для беларускіх сілавікоў. На наступным тыдні ён запрашае на першую нямецкую канфэрэнцыю «GCC Security» ў Дусэльдорфе прадстаўнікоў МУС краінаў Пэрсыдзкай затокі, каб паспрыяць экспарту ў гэты рэгіён нямецкіх тэхналёгіяў назіраньня.

Нямецкі дэпутат ад фракцыі левых патрабуе ад ураду ФРГ, каб ведамства па барацьбе з крымінальнай злачыннасьцю спыніла навучаньне мэтадам кампутарнай выведкі і замест гэтага выступала ў міжнародных органах за скарачэньне кампутарнага шпіянажу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG