Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міт Ромні: «47% амэрыканцаў ня плацяць падаткаў ад прыбытку»


Амэрыканскі часопіс «Mother Jones» апублікаваў у інтэрнэце відэа, у якім кандыдат у прэзыдэнты ад Рэспубліканскай партыі, Міт Ромні, называе выбарцаў прэзыдэнта Барака Абамы людзьмі з мэнталітэтам ахвяраў і няўдачнікаў.

Відэа было сакрэтна зьнятае на закрытай для прэсы сустрэчы Ромні з донарамі яго выбарчай кампаніі. Ромні, сярод іншага, сказаў:

«47% людзей будуць галасаваць за прэзыдэнта [Абаму], нягледзячы ні на што. Ну добра, 47% стаяць за ім, яны залежаць ад ураду, яны лічаць, што яны зьяўляюцца ахвярамі, яны лічаць, што ўрад нясе адказнасьць за апеку над імі, яны лічаць, што яны маюць права на мэдычнае абслугоўваньне, харчаваньне, жытло і ўсё такое. Што гэта іх прывілеі. І што ўрад павінен даць ім усё гэта. І яны будуць галасаваць за гэтага прэзыдэнта, нягледзячы ні на што... Гэта людзі, якія не плацяць падаткаў ад прыбытку».

Ромні дадаў:

«Мая задача палягае ня ў тым, каб клапаціцца пра гэтых людзей. Я ніколі іх не пераканаю, што яны павінны ўзяць асабістую адказнасьць за клопат пра сваё жыцьце. Мне трэба пераканаць ад пяці да дзесяці адсоткаў людзей у цэнтры, людзей незалежных і ўдумлівых, якія галасуюць у адзін бок або ў другі ў залежнасьці ад эмоцый у некаторых выпадках, у залежнасьці ад таго, ці падабаецца ім кандыдат, ці не».



Выбарчы штаб Барака Абамы пакарыстаўся гэтай нагодай, каб пакрытыкаваць канкурэнта ад Рэспубліканскай партыі.

«Цяжка быць прэзыдэнтам усіх амэрыканцаў, калі ты ставісься з пагардай да паловы нацыі», — сказаў Джым Мэсіна, кіраўнік выбарчай кампаніі Барака Абамы.

На прэсавай канфэрэнцыі пасьля публікацыі гэтага відэа Міт Ромні прызнаў, што ягоная фармулёўка была ня надта ўдалая, але даў зразумець, што ад сваіх словаў ён не адмаўляецца:

«Ведаеце, гэта не было сказана элегантна, калі можна так выказацца. Я гавару спантанна, адказваючы на пытаньне, і я ўпэўнены, што я магу сказаць гэта больш выразна і больш эфэктыўна, чым я зрабіў у тых абставінах».

На думку шмат якіх назіральнікаў палітычнай сцэны ў ЗША, публікацыя гэтага відэа можа пахаваць шанцы Ромні перамагчы Абаму ў прэзыдэнцкай гонцы.

У сувязі з гэтым відэа ў амэрыканскіх СМІ ўсчалася дыскусія, адкуль у Міта Ромні зьявілася лічба 47% амэрыканцаў, якія ня плацяць падаткаў ад прыбытку. Выказваюцца дапушчэньні, што Ромні меў на ўвазе тых амэрыканцаў, якія ня плацяць гэтак званага фэдэральнага падатку (federal tax). Але гэтыя людзі плацяць іншыя падаткі, такія як падатак ад зарплаты (payroll tax) або падатак ад продажу (sales tax). Паводле дадзеных, цытаваных некаторымі СМІ, у ЗША ня плацяць ніякага падатку 18.1% сем’яў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG