Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьвядзеньне фінансавых пірамід стане крыміналам


Заснавальнік МММ Сяргей Маўродзі
Заснавальнік МММ Сяргей Маўродзі

Пра намер увесьці крымінальную адказнасьць за арганізацыю фінансавых пірамід паведаміў намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Сяргей Дубкоў.

Нацбанк разам з праваахоўнымі органамі ўдзельнічаюць у распрацоўцы адпаведнага заканадаўства. Мяркуецца, што, калі закон будзе прыняты, у якасьці пакараньня будуць ужытыя штрафы, абмежаваньні волі да пяці гадоў, а таксама пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады, паведамляе БЕЛТА.

Фінансавы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб кажа, што гэтае рашэньне правільнае і своечасовае, бо зусім нядаўна ў Беларусі спрабавалі арганізаваць філіал піраміды МММ:

«Многія людзі, у якіх нават няма падставовай фінансавай пісьменьнасьці, укладалі ў яе свае грошы і пасьля іх, канечне, гублялі».

Стваральнік знакамітай МММ Сяргей Маўродзі абвясьціў пра стварэньне новай піраміды на пачатку 2011 году. Яна актыўна дзейнічала ў Беларусі. Аж пакуль у сакавіку гэтага году ў яе менскі офіс не ўварваўся спэцназ. Восем кансультантаў з вышэйшай герархіі былі затрыманыя і зьмешчаныя ў СІЗА КДБ — ім інкрымінуецца «незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць». На той момант страты ад дзейнасьці незарэгістраванай структуры КДБ папярэдне ацэньваў у 100 тысяч даляраў.

Ад траўня 2012 году Маўродзі хаваецца ад праваахоўных органаў, бо супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа. Тым ня меней, у чэрвені ён абвясьціў, што МММ-2011 закрываецца, бо не хапае грошай. А ўжо ў ліпені людзі сталі прыносіць грошы ў адноўлены МММ-2012.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб: «Але ў гэтым рашэньні насьцярожвае тое, што на дадзены момант няма дакладнай фармулёўкі пра тое, што такое фінансавая піраміда. Таму тыя ці іншыя кірункі прадпрымальніцкай дзейнасьці, якія не зьяўяляюцца фінансавай пірамідай, разнастайныя фінансавыя рынкі і г. д., могуць трапіць пад гэты артыкул. Таму патрэбнае вельмі дакладнае вызначэньне».

Фінансавы аналітык кажа, што на Захадзе такое заканадаўства дзейнічае болей за сто гадоў: «Калі браць рынкі фінансавых фьючэрсаў, рынкі апцыёнаў, то ў нас заканадаўства дакладна гэтыя рынкі не рэглямэнтуе. І нават ненаўмысна іх могуць аднесьці да фінансавых пірамідаў» —- тлумачыць Іосуб.

Росквіт фінансавых пірамідаў на постсавецкай прасторы прыпаў на пачатак 90-х. Калі зьявіцца артыкул у заканадаўстве, напэўна, так нахабна ўжо ня будуць выманьваць грошы ў фінансава непісьменнага насельніцтва — спадзяецца Ўладзімер Іосуб.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG