Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бундэстаг апублікаваў справаздачу аб супрацы нямецкіх і беларускіх сілавікоў


Камісія Бундэстагу па ўнутраных справах апублікавала на парлямэнцкім сайце вынікі праверкі супрацы паміж сілавікамі ФРГ і Беларусі. Гэтай праверкай дэпутаты займаліся цягам апошніх тыдняў.

На іх патрабаваньне прадстаўнік фэдэральнага МУС у якасьці галоўных крытэраў для міжнародных праектаў нямецкай паліцыі назваў барацьбу з крымінальнай злачыннасьцю, а таксама падтрымку будаўніцтва іншай краінай прававой дзяржавы.

Было адзначана, што ад 2005 году, калі ў Беларусі заўважылі пэрспэктывы разьвіцьця дзяржавы ў прававым рэчышчы, пачалося больш інтэнсіўнае супрацоўніцтва зь Менскам.

Ад 2008 па 2011 год у мэтах гэтага разьвіцьця, паводле МУС Нямеччыны, беларускім сілавікам была аказаная дапамога на суму 175 000 эўра. Гэтыя грошы пайшлі на адукацыю і рыштунак.

Як падкрэсьліў прадстаўнік фэдэральнага Міністэрства ўнутраных спраў, такія дзеяньні Бэрліна не маглі не каардынавацца з кіраўніцтвам ЭЗ. Поруч зь Нямеччынай актыўна супрацоўнічалі зь Беларусьсю і іншыя краіны Зьвязу.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і падзеяў на Плошчы пры канцы сьнежня 2010 году стала ясна, што Беларусь ня робіць крокаў у бок вяршэнства закону, і было пастаноўлена, што паліцэйскія кантакты зь Менскам трэба спыніць. Супрацоўніцтва нямецкай паліцыі зь беларускай міліцыяй тады і скончылася, а памежнае працягвалася даўжэй — да 2012 году.

У паведамленьні Бундэстагу таксама акрэсьліваецца пазыцыя кожнай з парлямэнцкіх фракцыяў у гэтым пытаньні.

Гэтак, кіроўныя хрысьціянскія дэмакраты, — сябра іхнай партыі Ганс-Пэтэр Фрыдрых узначальвае МУС, — лічыць супрацу нямецкай паліцыі з паліцыяй іншых краін неабходнай. У свой час дэпутаты на гэта пагадзіліся, аднак з умоваю, што справа павінна кантралявацца парлямэнтам.

Сацыял-дэмакраты, якія на той час, калі прымалася рашэньне аб супрацоўніцтве, уваходзілі разам з ХДС/ХСС у кіроўную кааліцыю, спачатку падтрымлівалі супрацоўніцтва зь Менскам, аднак лічылі, што яно ня можа заходзіць далей за пэўную «чырвоную рысу». Паводле нямецкай СДП, тое, што кантакты зацягнуліся да 2011 году, — гэта задоўга.

У сваю чаргу, вольныя дэмакраты падкрэсьлілі, што трэба пільнаваць, пры якіх абставінах ажыцьцяўляецца падобная дапамога. Пасылаючы нямецкіх паліцыянтаў за мяжу, трэба выключыць рызыку для жыцьця і здароўя людзей і адсочваць сытуацыю, каб своечасова іх адгэтуль вывесьці.

Тым часам прадстаўнікі партыі левых назвалі важным, каб падобныя кантакты былі пад поўным кантролем, і паставілі пытаньні наконт крытэраў дзейнасьці нямецкай паліцыі за мяжой. Прыкладна такой жа пазыцыі прытрымліваюцца і зялёныя, якія выступаюць за гарантыі бясьпекі падобных дзеяньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG