Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе ў ноч выбараў і на наступны дзень пасьля іх? Што будуць рабіць улады, можна здагадацца ўжо зараз: Лідзія Ярмошына абвесьціць, што выбары адбыліся ва ўсіх акругах, у Менску яўка склала крыху больш за 50%, па краіне ў цэлым – каля 70%, сьпіс пераможцаў таксама будзе радаваць вока аднастайнасьцю іх палітычных прыхільнасьцяў. Назіральнікі ад СНД заявяць, што выбары адпавядалі самым высокім дэмакратычным стандартам, назіральнікі ад АБСЭ – што зусім не адпавядалі ( апошнія могуць адзначыць невялічкі прагрэс ці пагаршэньне ўмоваў правядзеньня выбараў, што неістотна).

А што будзе рабіць яшчэ адзін суб'ект выбарчага працэсу – апазыцыя? Гэтае пытаньне ня трэба ўспрымаць, як нейкую пыху, кшталту аўтар гэтых радкоў, лёжучы на канапе ў сытай і бясьпечнай Празе, нечага патрабуе ад людзей, якія ахвяруюць сваім здароўем, кар'ерай, а можа нават і жыцьцём. Абсалютна нічога не патрабую, здымаю капялюш перад мужнасьцю гэтых людзей. Але ёсьць простае, без падколкі, дзіцячае пытаньне – што ж яны будуць рабіць?

Варта прыгадаць, што гэтае пытаньне лунала ў паветры і задавалася падчас ўсіх буйных палітычных кампаній – і ў 2000-м, і ў 2001-м, і ў 2006-м, і ў 2008-м, перад мінулымі парлямэнцкімі выбарамі, і ў 2010-м. Магчыма, гэтыя пляны нельга было агучваць напярэдадні гадзіны «Ч», але і зараз, праз 2, 6 і нават 10 і 11 гадоў, так і незразумела, па меншай меры мне асабіста, які быў плян і што ў ім пайшло ня так. Нават абстрагуемся ад паводзінаў уладаў (хаця 2010 год паказаў, што яна здольная падносіць надзвычай змрочныя сюрпрызы).

Але па шчырасьці незразумела, якую такую лінію ўлады тады зламала.

Уяўляецца вельмі малаверагодным, што 23 верасьня паўстане новая Плошча, што будзе хаця б такая спроба, якая была ў 2008 годзе, калі тысяча дэманстрантаў прайшла па праспэкту ў Менску і гэтым усё скончылася. Усё бывае, зразумела, скажам, расейская Плошча пасьля леташніх думскіх выбараў паўстала не дзякуючы нейкай арганізацыі і заклікам апазыцыі. Але шматлікая інфармацыя пра скрайнюю млявасьць кампаніі, нецікавасьць да яе неяк не стасуецца з магчымасьцю выплюху народнай пасіянарнасьці.

І што тады? Так выглядае, што і прыхільнікі байкоту, і прыхільнікі ўдзелу, якія падчас усёй кампаніі вялі палкія спрэчкі, апынуцца ў прынцыпе ў аднолькавым становішчы, і нават цяжка сказаць, хто ў горшым.

Спадзеў на тое, што байкот прынясе плён – гэта як мінімум пары. Зразумела, з вуснаў палітыкаў, у сацыяльных сетках гучаць цьвёрдыя запэўніваньні, што байкот ужо адбыўся, што зьняцьцё кандыдатаў БНФ і АГП стала асінавым калом у сцэнар уладаў.

Можа і так. Але прыгадваецца павучальны анэкдот з амэрыканскай палітычнай гісторыі. Быў там такі палітык Эдлай Стывэнсан, які ў 50-я гады спаборнічаў за прэзыдэнцкую пасаду з Дуайтам Эйзэнхаўэрам. Выдатны быў прамоўца, інтэлігентны чалавек. Пасьля аднаго зь ягоных перадвыбарчых выступаў да яго падбегла ўсхваляваная жанчына і выгукнула:

«Містэр Стывэнсан, усе разумныя людзі Амэрыкі будуць галасаваць за Вас».

«Дзякуй, мэм, – адказаў палітык, – але, на жаль, мне патрэбная большасьць».

Прэзыдэнтам Стывэнсан так і ня стаў, магчыма, і з прычыны такой сваёй шчырасьці.

Але заўвага ўнівэрсальная. Такія кампаніі, як прэзыдэнцкія выбары ці байкот – гэта гульня на галоўны прыз, гульня на заваяваньне большасьці, якая, паводле цынічнай, але трапнай заўвагі Сьцівэнсана, складаецца зусім ня толькі з прасунутых, прагрэсіўных, маладых і нават разумных. І яна такая зараз за байкот у Беларусі ёсьць? А калі вось няма – па праўдзе, а ня толькі па Ярмошынай, няма. Тады што? Ці ёсьць, як кажуць, «плян Б» на гэты выпадак?

Бурчэньне, зразумела, ёсьць, але ёсьць і такая рэч, як рост рэальнага заробку з пачатку году на 38%, да 470 даляраў. І гэта ніяк не паўплывае на настроі і гатоўнасьць галасаваць?

Ну і з «плянам А» таксама неяк ня ўсё зразумела. У некаторых акругах у Менску і іншых вялікіх гарадах выбары і сапраўды могуць не адбыцца. Уявім сабе, што гэта нават будзе нейкім чынам зафіксавана (што зусім ня факт). Але вэрдыкт назіральнікаў АБСЭ ад гэтага ня зьменіцца ніяк, ён і бяз гэтага будзе адмоўным, пра лічбы спадарыні Ярмошынай было сказана вышэй. І будуць лічбы ЦВК супраць лічбаў незалежных назіральнікаў. І што далей?

Вось нядаўна навукоўцы з Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі правялі дасьледаваньне праз фокус-групы стаўленьня беларусаў да абароны іх правоў. Вось адна з высноваў: «Наўпрост або ўскосна большая частка рэспандэнтаў адзначала адсутнасьць у краіне дэмакратычных выбараў , аднак парушэньне права на свабодныя выбары ў якасьці свайго асабістага права, якое парушаецца, было згадана ўсяго адзін раз». З 60-ці чалавек. Няшмат неяк.

Тым, каму Лукашэнка ўпоперак горла і пры 500 далярах заробку, і пры 50, ніякія лічбы незалежных назіральнікаў непатрэбныя, каб захоўваць гэтыя цёплыя пачуцьці да кіраўніка дзяржавы. А для астатніх...Ну мухлююць, ну малююць і яўку, і галасы – і што з таго? Каму наагул тая «палатка» патрэбная ці шкодная і чаму нехта павінен закіпець ад гэтых трукаў палымяным гневам? У яго скралі непрыход на выбары? Гэта не занадта вытанчаная матывацыя для пратэсту?

Ёсьць, дарэчы, і яшчэ адзін момант. Хаця можна сказаць, што і няма. Хто праз некалькі гадоў будзе памятаць цяперашнія баталіі? Але раптам прыгадае, ў тым ліку і публічна абвешчаную матывацыю адмовы ад удзелу ў выбарах – наяўнасьць палітвязьняў, датэрміновага галасаваньня, несправядлівы спосаб фармаваньня выбарчых камісій. Ну а калі гэтыя ўмовы, на жаль, захаваюцца і тады (а другая і трэцяя захаваюцца амаль пэўна)? І прэзыдэнцкія байкатаваць?

Калі нехта з апазыцыянэраў, хто ўдзельнічаў у выбарах, усё ж патрапіць у палату прадстаўнікоў, тое будзе асобная гутарка, якую тут весьці ня варта з прычыны скрайняй малаімавернасьці такога сцэнару. Ну а калі не, то падставаў для радасьці будзе ў іх, зразумела, няшмат, але яны і ня ставілі перад сабой амбіцыйнай мэты гуляць на большасьць, зладзіць агульнанацыянальны байкот ці хаця б байкот у значнай колькасьці акругаў.

Магчыма, ўсё гэта суцэльны пэсымізм і перасьцярогі. А насамрэч усё будзе інакш. Цалкам магчыма. Але як? Я вось ня ведаю. Хацелася б верыць, што нехта ведае, хай нават мне і ня скажа.

А можа шаноўныя чытачы ведаюць?
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG