Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: «Танк быў прарокам»


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

Максім Танк быў аптымістам што да будучыні беларускае мовы і беларускай паэзіі і нават прарочыў яе неўміручасьць, — кажа паэт і грамадзкі дзеяч Уладзімер Някляеў.

«У адным з позьніх вершаў Максіма Танка, называецца ён „І чаго?“ — я яго не згадаю ўвесь напамяць, бо там вэрлібр, але сутнасьць верша — у пытаньні да хлопчыка, у якога старэйшыя пытаюцца: чаго ты на парог? Чаго ты на плот? Чаго ты на вуліцу? Чаго ты за пеўнем? Чаго ты за вераб’ямі? Чаго ты да агню? Чаго ты да сонца? Чаго ты бяжыш за рэхам песьні? І Танк сканчае верш радкамі, што ўсе самыя цікавыя адкрыцьці ў гэтым жыцьці — за межамі забароненага.

Я не скажу, што Танк жыцьцё жыў за межамі забароненага, але ў паэзіі гэтыя межы ён перасякаў лёгка і нават для самога сябе незаўважна. І праз гэта ён набыў тую якасьць, якая для паэзіі вельмі важная. Яна называецца прароцтвам. Я ня ведаю, ці можна назваць гэта прароцтвам, тое, што я зараз успомніў, як мы, можна сказаць, сто гадоў таму ішлі па нарачанскім лесе і выйшлі на ўзьлесак і там кружком, нібыта ў танцы друідным, стаялі ці ня ўсе дрэвы, якія ёсьць у Беларусі: бяроза, ясень, елка, дуб, сасна. Яўген Іванавіч паказаў кійком на прагалу ў тым крузе, і я добра запомніў, як ён сказаў: „А вось гэтае месца нібы чакае, калі на ім вырасьце клён“. Ён вельмі любіў клёны.

Прамінулі гады, Танка ўжо ня стала, я там апынуўся ў тым лесе і выйшаў на той узьлесак, і ўбачыў там, на тым месцы, на якое паказаў некалі Танк, малады клёнік. Мне проста душу торгнула. Я ня думаю, што Яўген Іванавіч сам пасадзіў яго ўпотай ад мяне, каб праз гады мяне зьдзівіць. Ён проста верыў у тое, што, нягледзячы ні на што, будзе ўзнаўляцца і ўзнаўляцца беларуская паэзія.

І сёньня мы маем доказы таму, гэтаму прароцтву. І вось у атачэньні гэтых клёнікаў, у атачэньні тых, каго выгадаваў ён пад сваімі шатамі, мне здаецца стагодзьдзе Максіма Танка яшчэ больш урачыстым».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG