Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка застанецца ў Сочы адпачываць


Аляксандар Лукашэнка ў Сочы з Уладзімерам Пуціным
Аляксандар Лукашэнка ў Сочы з Уладзімерам Пуціным
Кароткатэрміновы адпачынак прапанаваў беларускаму прэзыдэнту Ўладзімер Пуцін — паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзыдэнты Беларусі і Расеі сустрэліся ў Сочы ў суботу, 15 верасьня.

Паводле «Независимой газеты», размова на перамовах у Сочы ішла пра рэалізацыю праекту будаўніцтва Беларускай АЭС і пэрспэктывы ўвядзеньня ў Беларусі ўтылізацыйнага збору на сельгастэхніку. З уступных слоў на пачатку сустрэчы таксама стала вядома, што Беларусь турбуе рост плыні нелегальных мігрантаў з Расеі празь Беларусь на Захад.

Газэта адзначае, што за зачыненымі дзьвярыма, магчыма, узьнімаліся і вастрэйшыя пытаньні. Спыненьне кантрабанды нафтапрадуктаў з расейскай сыравіны прывяло да рэзкага падзеньня сальда зьнешняга гандлю Беларусі. У сувязі з гэтым тэма нумар адзін для Беларусі — аднавіць экспарт растваральнікаў. Гэта пацьвердзілі нядаўнія заявы прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча аб працягу перамоваў з Расеяй.

Акрамя таго, экспэрты прыгадваюць заявы беларускага боку, што ўступленьне Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю нясе пагрозы для партнэраў па Мытным зьвязе, а гэта значыць, што ім патрэбная кампэнсацыя. Пра гэта гаварыў прадстаўнік Беларусі ў Эўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі.

«Независимая газета» цытуе беларускага экспэрта Аляксандра Класкоўскага, які не выключае, што танальнасьць і вынікі перамоваў у Сочы адаб’юцца на зьнешняй палітыцы афіцыйнага Менску ў адносінах да Эўропы. На думку экспэрта, жорсткая пазыцыя Пуціна можа прымусіць Лукашэнку зноў зьвярнуцца да палітыкі арэляў і пачаць выбудоўваць адносіны з Брусэлем і нават выпусьціць палітвязьняў — гэта абавязковая ўмова аднаўленьня дыялёгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG