Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі гісторык: 17 верасьня 1939 — дзень польскага апакаліпсісу


Нямецкія войскі ўваходзяць у Польшчу пасьля "бліцкрыгу"

Нямецкія войскі ўваходзяць у Польшчу пасьля "бліцкрыгу"

Сёньня 73-я гадавіны ўваходу Чырвонай Арміі ў Польшчу. З гэтай нагоды беларуская служба Польскага радыё ўзяла інтэрвію ў польскага гісторыка Кшыштафа Ясевіча.

Польскае Радыё: Для Польшчы і палякаў дата 17.09.1939 адназначная — гэта дзень нацыянальнай трагедыі. Але давайце паглядзім на яе вачыма беларусаў і ўкраінцаў, а таксама габрэяў, бо Польшча была шматнацыянальнай краінай. Чым 17 верасьня было для іх?

Ясевіч: 17 верасьня — гэта дзень польскага апакаліпсісу. Першыя савецкія аддзелы пасьля пераходу мяжы казалі, што яны прыйшлі на дапамогу, каб «біць немца». Але хутка стала вядома, што гэта хлусьня. Многія ў Польшчы пасьля гэтага былі перакананыя, што незалежнасьць ужо ніколі ня вернецца. Было шмат скрайніх выпадкаў. Вядомы польскі драматург Віткацы зьдзейсьніў самагубства. Такіх выпадкаў было шмат. Гэта быў канец. Ніякія замежныя пагадненьні, якія Польшча раней падпісала з краінамі Захаду, не дапамаглі.

Сапраўды, да вайны Польшча была шматэтнічнай краінай. На гэтак званых Крэсах беларусы вельмі часта былі большасьцю, а палякі якраз — меншасьцю. Ёсьць тэндэнцыя дэманізаваць пэрыяд ІІ Рэчы Паспалітай, маўляў, яна была для іх мачахай, а ня маці, але я быў бы з гэтым асьцярожны. У Польшчы быў «незалежніцкі сындром». Пасьля 123 гадоў, пасьля падзелаў, краіна нарэшце атрымала незалежнасьць і дбала, каб яе больш ніколі ня страціць. Напрыканцы 1920-х гадоў пачалі зьяўляцца сымптомы асыміляцыйнай палітыкі, і рэакцыя меншасьцяў на яе была зразумелай.


Польскае Радыё: Адкуль канкрэтна бралася нянавісьць да польскай дзяржавы ў меншасьцяў, калі яна сапраўды была? Чаму яны выступалі супраць дзяржавы, грамадзянамі якой зьяўляліся?

Ясевіч: Гэта вельмі складанае пытаньне. Бясспрэчна, Польшчы ў той час не хапала спакойнага погляду на нацменшасьці. Канец 1920-х быў пікам памылак. Але нельга забываць, што шматлікія выступленьні супраць польскай дзяржавы былі стымуляваныя Савецкім Саюзам. З-за ўсходняй мяжы ў Польшчу траплялі розныя банды і праводзілі тут дывэрсійныя акцыі. Гэта пачалося адразу пасьля 1920 году. І КПЗБ, і КПЗУ — гэта былі структуры, фінанасаваныя СССР. Ёсьць шмат доказаў. Я сам бачыў шэраг матэрыялаў у Маскве і архіве Камінтэрну. ГПУ праводзіла на тэрыторыі Польшчы вялікую працу з прадстаўнікамі гэтых партый. Савецкія агенты давалі заданьні: даведацца пра гэта, высьветліць тое, гэта была звычайная шпіёнская праца. Непрыхільнымі для тагачнай Польшчы былі і габрэі. Сёньня яны ня любяць, калі пра іх кажуць кепска, але пазытыўных прыкладаў стаўленьня да Польшчы з таго часу вельмі мала. Менавіта габрэі вельмі часта выступалі ў ролі актывістаў. У Луцку, напрыклад, пасьля ўваходу бальшавікоў, былі дзьве асобныя міліцыі — габрэйская і ўкраінская. Вельмі часта прычынай бунту было жаданьне помсты. Часам яно было справядлівае, а часам і не. Штосьці падобнае адбывалася і ў цэнтральнай Польшчы. Задаралася, што польскія сяляне пісалі немцам даносы на сваіх суседзяў. У скрайніх умовах, такіх як вайна і акупацыя, у чалавеку ажываюць дэманы, якія ў нармальных умовах ніколі ня выйшлі б навонкі.

Поўнасьцю размову, якую правёў Дзьмітры Гурневіч, чытаць тут.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG