Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У выніку таго, што шматлікія дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты адмаўляюцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах, у многіх выбарчых акругах у праўладных кандыдатаў не засталося канкурэнтаў.

У прыватнасьці, на Гарадзеншчыне 6 з 13 акругаў — безальтэрнатыўныя. Як гэта паўплывае на вынікі выбарчай кампаніі, на стаўленьне людзей да такіх выбараў?

Гарадзеншчына: 6 з 13 акругаў — безальтэрнатыўныя

Пасьля таго як кандыдаты ад АГП і БНФ згодна з пастановамі партыйных зьездаў зьнялі свае кандыдатуры, на шасьці з трынаццаці акругаў у рэгіёне адбудуцца безальтэрнатыўныя выбары. Назіральнік за выбарчай кампаніяй Раман Юргель дадае, што на безальтэрнатыўных акругах засталіся пераважна чыноўнікі.

Юры Істомін: «Гэта ўжо сытуацыя байкоту»

Юргель:«Тут такая назіраецца сытуацыя, што на безальтэрнатыўных акругах засталіся чыноўнікі ад «вэртыкалі». Да прыкладу, у Ваўкавыскай акрузе застаўся адзін кандыдат Аляксандар Сягоднік, начальнік упраўленьня адукацыі аблвыканкаму, у Наваградзкай акрузе — начальнік упраўленьня арганізацыйна-кадравай працы, і г.д.«.

Юры Істомін

Юры Істомін

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін лічыць, што цяперашняя сытуацыя ў вобласьці з выбарамі — гэта ўжо сытуацыя байкоту, бо прадстаўнікі партыяў і ўсе, хто мае палітычныя амбіцыі, засьведчылі, што яны ня вераць у гэтыя выбары.

З другога боку, паводле Істоміна, ёсьць частка людзей, якія прыходзяць на выбарчыя ўчасткі, як у савецкія часы. Але сёлета многія зь іх пабачаць, што выбіраць няма з каго — і гэта, на думку Істоміна, многіх прымусіць задумацца. Таму ў гэтай сытуацыі надзвычайнае месца адводзіцца назіраньню за выбарамі.

Істомін: «Вось вельмі важна зараз зрабіць назіраньне, асабліва на гэтых безальтэрнатыўных акругах. Вядома, людзей пагоняць і, магчыма, зробяць яўку. Але пабачыць настроі людзей, як яны зьбіраюцца галасаваць альбо не галасаваць, — гэта трэба абавязкова».

Віцебшчына

Віцебскі актывіст кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Мікулін зьвярнуўся ў Цэнтравыбаркам з патрабаваньнем зьняць з выбарчай гонкі свайго праўладнага суперніка Міхаіла Волкава. Спадар Волкаў — настаўнік матэматыкі. А яшчэ ён — дэпутат абласнога савету, і пра гэта ведаюць далёка ня ўсе выбарцы.

Аляксандар Мікулін

Аляксандар Мікулін

​Кандыдат у дэпутаты парлямэнту гэты факт сьвядома прыхоўвае, лічыць актывіст Аляксандар Мікулін, які балятуецца па той самай Віцебскай-Чкалаўскай акрузе № 18:

«Чаму кандыдат прыхоўвае, што ён — дэпутат абласнога савету?»

«Дэпутат абласнога савету мусіць мець пасьведчаньне і значак — каб людзі яго пазнавалі, маглі задаць пытаньне... Я зьвярнуў увагу, што на фота на афіцыйным плякаце, які выдала акруговая камісія, а таксама на ягоных агітацыйных плякатах значка няма. Чаму? Ён жа дэпутат, ён прадстаўнік заканадаўчай улады ў Віцебскай вобласьці. Ён не павінен гэтага хаваць. Таму я раблю выснову, што гэта зроблена знарок, каб уводзіць людзей у зман. Калі я сустракаюся з выбарцамі, то чую, што яны зь недаверам ставяцца да чыноўнікаў і дэпутатаў. Што Волкаў настаўнік — яны ведаюць, а што дэпутат — не».

«У акрузе — няроўныя ўмовы агітацыі»

Аляксандар Мікулін зьвяртае ўвагу і на няроўныя ўмовы агітацыі. Ён убачыў, што ў акруговай камісіі Міхаілу Волкаву прысьвечаны асобны стэнд, а іншыя кандыдаты ня маюць такой перавагі.

Пра цяжкасьці вядзеньня агітацыйнай кампаніі апавёў і кандыдат Вадзім Кузьмін, вылучэнец ад партыі левых «Справядлівы сьвет». Ягоны канкурэнт па Віцебскай-Чыгуначнай акрузе № 19 — намесьнік начальніка Віцебскай чыгункі Сяргей Бохан. Адсюль — і праблемы з разьмяшчэньнем агітацыйных плякатаў, кажа спадар Кузьмін:

«Толькі наклеілі ўлётку, як праз 10 хвілін ужо няма!»

«Чыгунка — яна і ёсьць „чыгунная“! На ўзгадненьне адной улёткі сыходзіць да двух дзён. Дзьве-тры гадзіны — гэта жалезна! Са скаргамі, з пагрозамі... Нават крамы чыгуначныя адмаўляюцца разьмяшчаць! Некаторыя адразу хапаюцца за тэлефон. Я паказваю ім дазвол, а яны кажуць: „Нам гэта не дазвол, мы будзем узгадняць з кіраўніцтвам!“ А толькі павесілі, праз 10 хвілін ужо нічога няма. А дзе падзелася, ніхто ня ведае. Улёткі Бохана ў іх вісяць паўсюль і ў трох варыянтах. А з намі ня хочуць нават размаўляць».

Меншчына

Сёньня кандыдаты ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якія былі зарэгістраваныя ў рэгіёнах, пацьвердзілі свае намеры ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі да канца.

Кандыдат у дэпутаты па Слуцкай выбарчай акрузе № 67 Анатоль Юрэвіч — кіраўнік Менскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Канкурэнты яму ў акрузе — слуцкі прадпрымальнік Аляксандар Солап і дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Інэса Кляшчук.

Сёньня ў гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» Анатоль Юрэвіч распавёў пра сваю выбарчую кампанію:

«Калі я выступаю, то яны — усе за мяне! Усе! Уся заля пры сустрэчах практычна за мяне! Куды я прыяжджаю, людзі з задавальненьнем разьбіраюць мае каляндарыкі і кажуць: „Мы ўсё пра вас ведаем і таму будзем за вас галасаваць!“ Так што вынікі выбараў зразумелыя — дэпутатам павінен быць я! Але іншая справа, што зробіць улада... А яна зробіць тое, што хоча».

Анатоль Юрэвіч пераконвае, што рэсурсы агітацыйнай кампаніі яшчэ ня вычарпаныя:

«Мы заклікаем не хадзіць на датэрміновае галасаваньне! Я мэгафон прыдбаў! Будзем усюды расказваць пра ўсё. Я тут таксама зрабіў дзьве тысячы каляндарыкаў і адну тысячу — улётак... Я ўжо ўсю пэнсію сваёй маці патраціў на бэнзін і салярку для таго, каб езьдзіць на сустрэчы з выбарцамі...»

Па словах суразмоўцы, ён таксама лічыць байкот дзейснай формай барацьбы зь цяперашняй уладай, але ўласныя матэрыяльныя выдаткі й маральная адказнасьць за аўтарытэт і палітычны ўплыў сваёй партыі не дазваляюць яму датэрмінова зьняцца з дыстанцыі. Суразмоўца тлумачыць:

«Ну, я лічу і іхнюю пазыцыю правільнай, таму што, у прынцыпе, як рыхтуюцца цяперашнія выбары, то аніякіх выбараў ня будзе. Бо калякінцы, АГП-шнікі і ўсе мы ня ў стане „закрыць“ усе ўчасткі, нават і некаторыя так званыя „кантрольныя“. А па-трэцяе, усё роўна ўсё вядома... А пры тым раскладзе, які цяпер у акрузе, мне здымацца ня мае сэнсу...»


11 кандыдатаў партыі БСДП (Грамада) пойдуць да канца


Самастойнае рашэньне кандыдата ў дэпутаты Анатоля Юрэвіча іншых кандыдатаў ад партыі БСДП (Грамада) камэнтуе першы намесьнік старшыні партыі Ігар Маслоўскі:

«У нашай партыі яшчэ раней было зацьверджана рашэньне, што кожны кандыдат самастойна вырашае, у якой форме яму ўдзельнічаць у гэтых выбарах: ісьці да канца ці здымацца. Мы не плянавалі другой сэсіі зьезду, таму дэ-юрэ партыя ня можа зьняць сваіх кандыдатаў. І, наколькі я ведаю, зараз усе кандыдаты, якія вылучаліся ад партыі БСДП (Грамада), зьбіраюцца ісьці да канца. А гэта — 11 кандыдатаў, у тым ліку і тыя, якіх падтрымлівае грамадзянская кампанія «Гавары праўду».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG