Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы хутчэй паспрабуюць пазьбегнуць праблемы, чым яе вырашыць»


Цэнтар эўрапейскай трансфармацыі па ініцыятыве шэрагу праваабарончых арганізацыяў правёў у красавіка-чэрвені 2012 году дасьледаваньне «Уяўленьне беларусаў аб правах чалавека і праваабарончай дзейнасьці».

У якасьці мэтаду дасьледаваньня быў абраны мэтад фокус-групавых інтэрвію, які дазваляе выявіць ня толькі пункт гледжаньня і меркаваньні людзей, але і падставы, на якіх яны будуюцца.

Як адзначана ў дасьледаваньні, абсалютная бальшыня ўдзельнікаў фокус-груп лічыць, што правы чалавека ў Беларусі парушаюцца. Практычна ўсе ўдзельнікі ведаюць аб парушэньнях свабоды слова і свабоды сходаў. У сувязі з гэтым даволі часта сустракаюцца спасылкі на леташнія маўклівыя акцыі пратэсту, прычым сярод відавочна апалітычных рэспандэнтаў.

Пры гэтым існуе даволі вялікі зазор паміж тымі правамі чалавека, якія парушаюцца ў Беларусі наагул, і парушэньнямі правоў чалавека ў дачыненьні да рэспандэнтаў асабіста. Напрыклад, наўпрост або ўскосна, большая частка рэспандэнтаў адзначала адсутнасьць у краіне дэмакратычных выбараў, аднак парушэньне права на свабодныя выбары ў якасьці свайго асабістага права, якое парушаецца, было згадана ўсяго адзін раз. Адносіны і ўстаноўкі з нагоды абароны сваіх правоў у выпадку парушэньня іх дзяржавай даволі моцна адрозьніваюцца, у тым ліку ў залежнасьці ад наяўнасьці асабістага вопыту ўзаемадзеяньня зь дзяржаўнымі (асабліва судовымі) органамі. Даволі часта сустракаюцца меркаваньні, што магчымасьць абараніць свае правы вызначаецца ў першую чаргу тым, аб якіх правах ідзе гаворка.

Рэспандэнты вылучаюць палітычныя і грамадзянскія правы як такія, абараніць якія ў Беларусі немагчыма. Досыць часта згадваюцца некаторыя міжнародныя структуры (ААН, Гааскі суд), да якіх можна апэляваць у абароне правоў чалавека, аднак збольшага гэтыя развагі маюць вельмі абстрактны характар (мяркуецца, што шлях такі існуе, але пасьпяховасьць дзеяньняў у гэтым напрамку зьяўляецца вельмі сумнеўнай).

Акрамя таго, удзельнікі называлі шэраг варыянтаў абароны, якія абмяркоўваліся з дастатковай доляй сур’ёзнасьці, а менавіта: сябры, сувязі, незалежныя СМІ, сацыяльныя сеткі. Толькі адзін раз за час правядзеньня фокус-груп у якасьці магчымага мэханізму абароны сваіх правоў былі названыя праваабарончыя арганізацыі.

Аднак, мяркуючы па першай рэакцыі, большасьць удзельнікаў дасьледаваньня прытрымліваецца неаднойчы выказанай пазыцыі:

«Беларусы хутчэй паспрабуюць пазьбегнуць праблемы, чым яе вырашыць».

Уяўленьні пра праваабарончай дзейнасьці і праваабаронцах таксама вельмі размытыя. Так, на пытаньне: «Ці ведаеце вы, хто такія праваабаронцы?» сустракаліся адказы і развагі тыпу:

— Адвакаты. У мяне першая такая асацыяцыя.

Мне здаецца, наогул, любы зацікаўлены грамадзянін, нават які-небудзь завуч школы. Ёй здаецца, што нешта парушаецца з пункту гледжаньня адукацыі, яна бярэ нейкую пазыцыю і спрабуе давесьці да аддзелу адукацыі, што-небудзь дзе-небудзь парушана, што-небудзь даказвае і абараняе права. Гэта значыць, любы чалавек, жадаючы, можа быць праваабаронцам.

Ведаеце, у пэўных выпадках можна прывесьці ў якасьці прыкладу тую ж міліцыю. У прынцыпе, яны ж не заўсёды затрымліваюць людзей, але і калі нешта выкралі ў доме, калі зьбілі, то ў міліцыю адразу зьвяртаемся. Пракуроры могуць быць праваабаронцамі. Гэта значыць, калі вы жадаеце абараніць свае правы і не плаціць за гэта грошы, можна зьвярнуцца ў пракуратуру, яны прадставяць вашы інтарэсы: сямейныя, працоўныя і г.д.

Адвакаты — таксама

Можа быць, існуюць групы пэўныя, палітычна незьвязаныя. Напрыклад, Саюз беларускіх жанчын, Саюз футбалістаў. І, адпаведна, яны ўнутры сябе вызначаюць нейкія правы: футбаліст ня можа быць без парушэньняў дыскваліфікаваны, напрыклад. І вось існуюць арганізацыі: Саюз футбалістаў, які ў выпадку парушэньні на лякальным, на міжнародным узроўні, яны вырашаюць сытуацыі, якія ўзьнікаюць. Гэта, магчыма, праваабаронца ў спартовай сфэры.

Больш блізкія да адэкватнага разуменьня праваабарончай дзейнасьці інтэрпрэтацыі таксама часьцей за ўсё даволі размытыя:

Не, адвакат — гэта нешта іншае. Адвакат — гэта той, хто ў судзе канкрэтна… Праваабаронцы — яны займаюцца натуральнымі правамі чалавека, Канстытуцыяй, Дэклярацыяй правоў чалавека…

Людзі, якія могуць даць кансультацыю аб сытуацыі, у якой ты ня ведаеш, што рабіць, зьвязанай з сутыкненьнем цябе зь дзяржавай.

У якасьці найбольш поўнага і адэкватнага адказу за ўвесь час правядзеньня фокус-груп можна «залічыць» наступны: «Займаюцца маніторынгам, каб правы чалавека выконваліся, могуць выступаць у абарону людзей, у якіх гэтыя правы парушаныя».

Веды аб дзейнасьці беларускіх праваабаронцаў часьцей за ўсё вычэрпваюцца ведамі назваў некаторых арганізацыяў і імёнаў. На ўзроўні назваў і імёнаў практычна на кожнай фокус-групе называўся цэнтар «Вясна» (які адназначна асацыюецца з Алесем Бяляцкім), а таксама — значна радзей і менш упэўнена — іншыя арганізацыі і праваабаронцы: Алена Танкачова, Цэнтар прававой трансфармацыі, Беларускі Гэльсінскі камітэт, Рух «За Свабоду».

Паводле крытэра наяўнасьці больш-менш адэкватных ведаў аб праваабарончай сфэры можна вылучыць чатыры групы рэспандэнтаў (колькасна вельмі непрапарцыйна прадстаўленых):

1) якія маюць ўяўленьне пра тое, што такое праваабарончая дзейнасьць як такая, і трохі дасьведчаных аб дзейнасьці праваабаронцаў у Беларусі (гэтая група самая малалікая);

2) якія маюць ўяўленьне пра праваабарону наагул, але практычна нічога ня ведаюць аб дзейнасьці праваабаронцаў у Беларусі;

3) якія дасьведчаныя аб дзейнасьці праваабаронцаў у Беларусі, пазытыўна ацэньваюць яе, але практычна ня маюць уяўленьня аб тым, што такое праваабарончая дзейнасьць;

4) вельмі цьмяна сабе ўяўляюць, што такое праваабарона і праваабаронцы (на ўзроўні зьмешваньня праваахоўнай і праваабарончай дзейнасьці, праваабаронцаў і адвакатаў і г.д.) (гэтая група найбольш прадстаўлена колькасна).

Стаўленьне да дзейнасьці праваабарончых арганізацый у цэлым можна ахарактарызаваць як адхілена-станоўчае. Гэтая дыстанцыя ў найбольшай ступені зьвязаная з двума фактарамі: нізкім узроўнем ведаў аб дзейнасьці беларускіх праваабаронцаў і адсутнасьцю веры ў магчымасьць супрацьстаяць дзяржаве.

Большасьць рэспандэнтаў, якія былі ў стане адказаць на гэтыя пытаньні, лічаць, што ў ідэале дзяржава павінна альбо «ніяк ня ставіцца» да дзейнасьці праваабарончых арганізацый, альбо падтрымліваць іх дзейнасьць.

Найбольш ляканічны і дакладны адказ на пытаньне аб тым, а як беларуская дзяржава ставіцца да дзейнасьці праваабаронцаў, быў атрыманы ад аднаго з прадпрымальнікаў: «Бяляцкага пасадзілі, вы ведаеце? Так пра што вы пытаецеся?»

Праваабарончая дзейнасьць як такая для большасьці беларусаў не выступае спосабам пераадоленьня праблемаў у сфэры правоў чалавека часьцяком проста з-за няведаньня і супярэчлівых уяўленьняў аб яе сутнасьці. Найбольш інфармаванымі аб прававаабароне як такой і дзейнасьці беларускіх праваабаронцаў апынуліся студэнты. Для астатніх сацыяльных груп, якія вывучаліся ў дасьледаваньні — а гэта супрацоўнікі бюджэтнай сфэры, прадпрымальнікі і чыноўнікі — гэтыя пытаньні знаходзяцца на пэрыфэрыі жыцьцёвых інтарэсаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG