Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Аўрамчык: «Начальства выкарыстоўвала Максіма Танка»


Максім Танк

Максім Танк

17 верасьня — сто гадоў Максіму Танку (сапраўднае імя — Яўген Скурко). Пра паэта Заходняй Беларусі, які ў міжваеннай Польшчы выдаў тры зборнікі вершаў («На этапах», «Журавінавы цьвет», «Пад мачтай») ды паэму «Нарач» і за сваю актыўнасьць у кампартыі двойчы быў арыштаваны польскімі ўладамі, пагалоска йшла далёка на ўсход яшчэ да 1939 году.

І калі пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР ён прыехаў восеньню ў Менск, то на першую вечарыну зь ягоным удзелам сабралася ўся тагачасная пісьменьніцкая грамада. Прыгадвае найстарэйшы беларускі паэт Мікола Аўрамчык:

«Я помню кожнага, хто выступаў, як выступалі, і разумею, чаму ён апошні выступаў. І як мы не ўспрымалі гэты ягоны псэўданім, чакалі, што гэта нехта будзе чытаць ці гумар нейкі, ці байкі нейкія. І раптам чалавек пачаў чытаць лірыку такую. Помню ўсе вершы, якія ён чытаў, да гэтага часу. Ну, гэта адно.

І другое, што Ўладзіслава Францаўна (жонка Янкі Купалы) мне казала, як Купала ўспрыняў. Аказваецца, Купалу яшчэ з Заходняй Беларусі трапілі ўсе яго тыя тры першыя кнігі Танка, прачытаўшы якія, Купала быў узрушаны, усхваляваны. І як Куляшоў, які ленаваўся пісаць рэцэнзіі і эсэ, не ўстрымаўся, каб назаўтра не надрукаваць у „ЛіМе“ артыкул „Вершы Максіма Танка“. Ну, а пасьля магу сказаць як пра чалавека — мяккахарактарнасьць, слабавольнасьць яго, што выкарыстоўвалася начальствам вышэйшым без патрэбы часам. Мне, канечне, як яго сябру самаму блізкаму, цяжка гаварыць пра ўсё гэта».
XS
SM
MD
LG